Шыдлоўскі, С. А. Кніга з Полацка : да традыцыі полацкай метагістарычнай прозы / С.А. Шыдлоўскі // Маладосць. — 2017. — № 5. — С. 141—144.

Кніга з Полацка: да традыцыі полацкай метагістарычнай прозы

Сяргей Шыдлоўскі

Першым вялікім мясцовым наратывам быў полацкі летапіс. Ён працягвае ўплываць на айчынны літаратурны працэс нават праз сваю адсутнасць. Гэтую адсутнасць і намагаюцца кампенсаваць нашы творцы, свядома ці падсвядома. Верагодна адсюль вынікае адзін з вытокаў пільнай цікавасці да гістарычнай тэмы ў аўтараў з Полацку. Варта адразу ўдакладніць, традыцыя полацкай прозы стваралася і ствараецца не толькі людзьмі з мясцовай прапіскай. «Палачанін», калі справа ідзе аб сферы творчасці, дасюль азначае тое ж самае, што і ў часы Ўсяслава, — «духоўная гравітацыя» Полацка працягвае дзейнічаць далёка за межамі гораду. Так, «Лабірынты» Вацлава Ластоўскага безумоўна належаць полацкай традыцыі і ў многіх рысах фарміруюць яе. З іншага боку, аўтар можа пісаць аб гістарычных постацях мінулага Полацка і заставацца аднак па-за межамі вышэйазначанай традыцыі, працуючы, напрыклад, паводле канонаў беларускага «адраджэнскага» асветніцтва. Што з'яўляецца ў такім разе маркерам прыналежнасці да полацкага наратыву? Безумоўна, гэта наяўнасць «полацкай тэмы», якая ў большасці выпадкаў уключае гістарычную фабулу, але пераадольвае яе і выходзіць да метагісторыі, да гістарыясофскай рэфлексіі.

У адсутнасці летапісу любое мясцовае дакументальнае слова з мінулага — ад надпісаў на Барысавых камянях і крыжы Ефрасінні да выдзеўбаных на кроквах езуіцкага гарышча імён кадэтаў — лёгка камбінуецца з фантастычнай фабулай і адгукваецца ў міфе. Не са старонак полацкага летапісу мы ведаем, напрыклад, пра Ўсяслава Брачыславіча, а са «Слова пра паход Ігараў». Полацкім аўтарам-літаратарам прыходзіцца кампенсаваць брак гістарычных крыніц павышанай міфатворчай актыўнасцю. Прастора полацкай мінуўшчыны займела таму моцны міфапаэтычны бэкграўнд. Метагісторыя пазнаецца часта праз азарэнні і сны. Адсюль распаўсюджаны матыў сна-снення, які мы знаходзім у знакавых творах, што належаць полацкай традыцыі.

Такім чынам, полацкая празаічная традыцыя — з'ява пераважна метагістарычная. Метагісторыя ў дадзеным кантэксце разумеецца як метад рэканструкцыі гістарычнага працэсу сродкамі міфапаэтычнага наратыву пры недахопе гістарычнай (навуковай) факталогіі. Метагісторыя адлюстроўвае гістарычны працэс, але не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі. Падобны творчы падыход нечым роднасны практыкам «наратыўнай гістарыяграфіі» ХІХ стагоддзя, у якіх, паводле Х. Уайта, паэтычнае натхненне і майстэрства валодання словам звычайна разглядаліся як пажаданыя кампаненты [14, с. 12].

***
Да найбольш важных тэкстаў, якія ў многіх аспектах прадвызначаюць развіццё традыцыі полацкай метагістарычнай прозы, варта аднесці творы Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—1846), а таксама «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» (1844—1847) [4].

Гісторыя засваення творчай спадчыны пісьменніка не насіла характару лінейна-узыходзячага працэсу. Былі часы, калі творчасць Я. Баршчэўскага здавалася надзейна забытай. Сапраўдны водбліск поспеху пісьменнік усё ж заспеў яшчэ пры жыцці, калі яго паэтычныя беларускамоўныя творы зрабіліся часткай мясцовага фальклору. Новае паўстанне з забыцця прыйшлося на пачатак ХХ стагоддзя, — у 1911 годзе выйшаў біяграфічны нарыс Рамуальда Зямкевіча «Ян Баршчэўскi: Першы беларускі пісьменьнік XIX сталецьця» [9]. Пэўныя апавяданні з кнігі «Шляхціц Завальня» перакладаліся на беларускую мову і выдаваліся ў 1917 годзе Я. Станкевічам. В. Ластоўскі мусіў ведаць творчасць Я. Баршчэўскага, калі ствараў свае «Лабірынты». У савецкі час «Шляхціц Завальня» быў высока ацэнены айчыннай этналагічнай навукай. Аднак умовы для сістэмнага ўплыву твораў Я. Баршчэўскага на развіццё беларускай літаратуры ўзніклі толькі пасля 1990-га года, калі «Шляхціц Завальня» выйшаў на беларускай мове ў перакладзе М. Хаўстовіча. Спатрэбіўся пэўны час на творчае засваенне і навуковае пераасэнсаванне спадчыны Я. Баршчэўскага. Урэшце, на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў творчасць Я. Баршчэўскага атрымала шырокі грамадскі рэзананс: з'явілася як навуковая, так і чытацкая рэфлексія, паводле твораў пісьменніка ставіліся спектаклі, здымалася кіно [3, 5, 7, 8, 10, 12, 15, 16, 17, 18].
«Шляхціці Завальня» — выдатная ілюстрацыя да тэзісу постструктуралістаў аб тэксце, які не роўны самому сабе ў розныя гістарычныя эпохі. Мы з'яўляемся сведкамі, як твор Я. Баршчэўскага набывае новыя сэнсы (напрыклад, інтэрпрэтацыя вобразу Плачкі). Ідзе інтэнсіўнае «учытванне» нашай эпохі — з яе надзеямі, ілюзіямі, фобіямі, спадзяваннямі — у тэкст стагадовай даўніны. Адкрытасць і адаптыўнасць, здольнасць рэзаніраваць з вібрацыямі новага часу — з'яўляюцца як раз характарыстыкамі метагістарычнага наратыву.

***
Вектар развіцця традыцыі полацкай метагістарычнай прозы ў ХХ стагоддзі прадоўжыў В. Ластоўскі ў сваім творы «Лабірынты» (1923) [11]. Власт быў хіба першым, хто паспрабаваў спалучыць полацкі метагістарычны дыскурс з патрэбай разбудовы беларускай нацыянальнай культуры. Аднак сама беларуская нацыянальная культура ў інтэрпрэтацыі В. Ластоўскага выглядала атрыбутам Крыўі. Таму можна прывесці і адваротнае дапушчэнне, — беларускі нацыянальны дыскурс выкарыстоўваўся пісьменнікам для актуалізацыі полацкай мінуўшчыны. Як бы там не было, ідэалагічны парытэт быў вытрыманы, — В. Ластоўскі праз удалы вобраз-метафару лабірынта апазнаў і выявіў скрыты ток полацкай метагісторыі і адначасова першым аформіў пераканаўчую заяўку ад імя маладога беларускага нацыяналізму на тысячагадовую гістарычную спадчыну Полацка.
Галоўная міфалагема, вакол якой выбудоўваецца твор, — лабірынт — гэта спалучэнне мясцовых прафанных летуценняў аб схаваных скарбах — каштоўнасцях цалкам матэрыяльных, з марамі нацыянальнай інтэлігенцыі аб вяртанні і засваенні духоўных набыткаў народу, скрадзеных, здраджаных, занядбаных. З апорай на метадалагічныя падыходы П. Бурдзье падобныя намеры інтэлектуалаў можна кваліфікаваць як змаганне за сімвалічны капітал — імкненне ўступіць у фактычнае валоданне тысячагадовай гістарычнай спадчынай Полацка. Лабірынты — удалы вобраз, ён вярэдзіць фантазію і паспольства і інтэлігенцыі.

М. Багдановіч у пачатку ХХ стагоддзя ўгледзеў «цвяток радзімы» на шыкоўных паясах пышных літоўскіх паноў. Власт жа мусіў цяпер адшукаць на крывіцкіх курганах «папараць-кветку». Больш ранняя спроба ў гэтым кірунку Канстанцыі Буйло бачыцца не зусім удалай. Усё ж Буйлянка была не мясцовай, хоць і пражыла ў Полацку колькі часу, — Падземны чалавек ёй сваіх сакрэтаў не даверыў… М. Багдановіч уводзіў у склад беларускага культурнага канону ліцвінскія коды, В. Ластоўскі мусіў дадаць у гэты плавільны тыгель крывіцкі інгрэдыент, — такі сапраўдны рэцэпт беларускага цуда, алхіміі Адраджэння.

Власт застаўся ў памяці гораду і праз яшчэ адзін свой учынак. Варта нагадаць, В. Ластоўскі як сябра «Камісіі па ахове помнікаў старасветчыны ў БССР» меў паўнамоцтвы, якія адкрывалі перад ім не толькі сакрэты мясцовай мэтагісторыі, але і рэальныя царкоўныя скарбніцы, дзякуючы чаму ён меў дачыненне да выяўлення і атрыбуцыі шэрагу гістарычных рарытэтаў, у тым ліку крыжа Ефрасінні. «Неадменны сакратар Адраджэння» не збаяўся праклёну Полацкай Ігуменні, крыж быў вывезены з Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.

***
Пантэон полацкіх герояў і мясцовых сюжэтаў быў значна пашыраны ўжо ў 80-ых гадах ХХ стагоддзя, дзякуючы творчасці прафесійнага літаратара, гісторыка па спецыяльнасці, Ул. Арлова [2]. Пісьменнік спрыяў актуалізацыі полацкіх гістарычных постацей у агульнабеларускім патрыятычным дыскурсе, аднак, у адрозненні ад В. Ластоўскага, дыдактычныя аспекты адраджэнскай ідэалогіі ў гістарычных творах Ул. Арлова пераважаюць.

У 80-ых гадах мінулага стагоддзя полацкія гістарычныя фрэскі ахвотна выкарыстоўваліся для аздобы гмаху наноў адроджанага беларускага патрыятызму. Аднак ужо на пераломе 80 — 90-ых у адраджэнскіх інтэлектуальных колах адчувалася пэўная «стома» ад полацкай тэмы. Ул. Арлоў у гэты перыяд не стаў пісаць і друкавацца менш, аднак гістарычная тэматыка яго твораў няўхільна рэдукавалася і саступала месца… метагісторыі. Сапраўды, прарыў Ул. Арлова да полацкай метагісторыі адбыўся не на старонках зборніка гістарычных аповесцяў і апавяданняў «Дня, калі ўпала страла» (1988), а ў эсэістыцы першай паловы 90-ых. На метагістарычным календары пісьменніка — «доўгія 60-ыя», плаўна перацякаючыя ў «застой» — час легендарных людзей і знакавых учынкаў, час, калі партвейн быў саладзейшым. Ад гэтай эпохі вядуць свой радавод каларытныя полацкія двайнікі і цені. Менавіта тады адбылася знаная сустрэча са «стишатами» М. Багдановіча наваполацкага хлопчыка Віці, які стане ў будучым сапраўдным беларусам і неблагім пісьменнікам Вінцэсем Мудровым.

***
Ёсць спакуса паставіць знак роўнасці паміж метагісторыяй і казкай. Аднак разгортванне метагістарычнага дыскурсу ў межах казачнага жанру патрабуе адмысловага майстэрства. Спрабавалі многія, атрымалася ў адзінак кшталту Дж.Р.Р. Толкіна, Я. Баршчэўскага і хіба Пятра Васючэнкі [6]. Удалая казка не мае ўзроставых абмежаванняў, — у цыкле аповесцяў аб Кубліцкім і Заблоцкім для кожнага знойдзецца нешта сваё, у тым ліку, для аматараў полацкай метагісторыі. Чытаючы казкі П. Васючэнкі, апынаешся ў свеце незвычайным, аднак пазнавальным. Ты дакладна ведаеш, што ніколі дагэтуль не сустракаўся з панам Заблоцкім, як і з Кубліцкім, тым не менш яны не чужаніцы — тое-сёе аб іх ты ўжо чуў. Можа ад бабулі? Ці нават раней бачыў іх партрэты ў старых без вокладак кніжках, што ляжалі на гарышчы? Гэта амаль што твае суседзі, якіх даўно не бачыў, — адным словам, землякі.

***
У ХХІ стагоддзі развіццё традыцыі полацкай метагістарычнай прозы прынесла новы значны плён, — з'явіўся першы раман пра Полацк — «Захоп Беларусі марсіянамі» Алеся Аркуша [1]. На пытанне аб паходжанні ідэі новай кнігі Алесь Аркуш адказвае, што прапанову напісаць раман з такой назвай ён атрымаў у сне ад Вацлава Ластоўскага. Некаму гэтае тлумачэнне можа падацца спробай літаратурнай містыфікацыі, некаму — метафарай, хтосьці ацэніць яго як дасціпны рэкламны крок, але, мяркую, варта словы аўтара кнігі ўспрымаць літаральна. У старых, па-сапраўднаму старых гарадах тканіна явы і сну ўзаемазвязаная па прынцыпу сазлучаных сасудаў, аб чым ведаюць пісьменнікі.

Чытача інтрыгуе пытанне, хто тыя марсіяне, што вядуць падступныя дзеянні ў Полацку. Варыянтаў адказу на гэтую загадку ў айчыннай літаратурна-мастацкай прэсе прагучала ўжо багата, няма патрэбы іх паўтараць. Дадамо ўласную версію, як на капыл палачаніна, Алесь Дудар, галоўны герой рамана А. Аркуша, у пэўным сэнсе таксама той яшчэ «марсіянін», толькі не вельмі ўдалы. Зваліўся ён аднекуль амаль што з неба — са сталічнага гораду Менску — пакруціўся, пашыхтаваў трохі тубыльцаў — і знік як сон. Разабрацца ў адменах марсіян у наш час стала не проста. Іх ужо настолькі многа, што яны вядуць вайну за жыццёвую прастору паміж сабой, пакінуўшы да часу тубыльцаў у спакоі.

У цэлым, бачыцца заканамерным з'яўленне ў творчым набытку А. Аркуша гэтай кнігі. Мяркую, у чыннасці полацкай філіі Маладняка і асабіста Алеся Дудара А. Аркуш бачыць пэўныя паралелі са сваёй дзейнасцю як арганізатара літаратурнага працэсу. Пісьменнік здавён цікавіцца гісторыяй полацкіх маладнякоўцаў. З'яўленню рамана папярэднічала публікацыя шэрагу яго артыкулаў, прысвечаных дадзенай тэме. А. Аркуш выдаў зборнік вершаў Г. Брэсцкай, якая мела дачыненне да полацкага творчага асяродку 20-ых гадоў мінулага стагоддзя. Гэты інтарэс за апошнія два дзесяцігоддзя, мяркую, набыў ужо якасць прафесійных ведаў. Падобная апантанасць тэмай мусіла даць плён.

***
Варта згадаць яшчэ адну полацкую кнігу — зборнік выбранага Алены Ніякоўскай «Там, дзе буяла жыта» (2016) [13]. Фармат «выбранага» — звычайная з'ява ў бібліяграфіі амаль любога літаратара. Дзякуючы ўдумліваму адбору тэкстаў для зборніка пісьменнік паўстае перад чытачом у найбольш выгодным выглядзе — святочна ды імпазантна. Выбранае дае магчымасць прадэманстраваць лепшае з творчага набытку пісьменніка. Выбранае як візітоўка... Зборнік Алены Ніякоўскай, як падаецца, адрозніваецца ад гэтай схемы. «Там, дзе буяла жыта» — гэта кніга, якая прэзентуюць творчы досвед... чытача, — ідэальнага, інтэлігентнага, дасведчанага, неабыякавага чытача. Чытача-суразмоўцы, кангеніяльнага творам Я. Брыля і Ўл. Караткевіча. Алена Ніякоўская рэалізавалася як педагог і даследчык, але перад усім як незвычайны чытач, які можа канцэптуалізаваць свае ўражанні ды інспіраваць з'яўленне новых твораў і нават літаратурных кірункаў, як гэта сталася з «пострамантызмам» у творчасці сяброў ТВЛ 90-ых гадоў мінулага стагоддзя.

Пералічаныя вышэй імёны літаратараў і назвы кніг бачацца найістотнымі для развіцця традыцыі полацкай метагістарычнай прозы, аднак апошняя ўключае ўсё ж значна больш шырокае кола творцаў. Гэта невядомы аўтар «Жыція прападобнай Ефрасінні Полацкай»; бытаапісальнікі ХІХ стагоддзя (польскамоўны В.К. Савіч-Заблоцкі і рускамоўны А.Р. Пшчолка); стваральнікі краязнаўчага дыскурсу, пачынаючы К.А. Гаворскім і не заканчваючы І.П. Дэйнісам. Гэта аўтар першага і пакуль адзінага рамана пра Наваполацк Т. Хадкевіч; дзясяткі суаўтараў вуснай народнай прозы, якая была выдадзена ў этнаграфічных зборніках Ул. Лобача і Ул. Філіпенкі; гэта «полацкія» артыкулы В. Галубовіча, у якіх дакладная фактаграфія і метадалагічная дасканаласць спалучаюцца з бліскучай інтуіцыяй... Традыцыя полацкай метагістарычнай прозы працягвае даваць плён.

Літаратура

1. Аркуш, А. Захоп Беларусі марсіянамі / А. Аркуш. — Полацак : Выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда», 2016. — 140 с.
2. Арлоў, Ул. Дзень, калі ўпала страла : Аповесці і апавяданні / Ул. Арлоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. — 233 c.
3. Балахонаў, С. Клiч у вечнасць, альбо Колькi разваг над «беларускiм Улiсам» / С. Балахонаў // Наша слова. — 1999. — 27 студ. — С. 4—8.
4. Баршчэўскi, Я. Шляхцiц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях / Я. Баршчэўскі ; Уклад, пер. с пол. і камент. М. Хаўстовіча. — Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1990. — 383 с.
5. Бахарэвіч, А. Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі) / А. Бахарэвіч // Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. — Мінск : Выдавец І. П. Логвінаў, 2012. — С. 70—77.
6. Васючэнка, П. Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі / П. Васючэнка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. — 104 с.
7. Васючэнка, П. Крыўскi слоўнiк паводле Яна Баршчэўскага / П. Васючэнка // Крынiца. — 1999. — № 7—8. — С. 18—25.
8. Вінаходаў, Д., Нікалаеў, М. Пецярбургскія адрасы Яна Баршчэўскага / Д. Вінаходаў, М. Нікалаеў // Лiтаратура i мастацтва. — 2009. — № 10. — С. 14.
9. Зямкевiч, Р.А. Ян Баршчэўскi : Першы беларускi пiсьменьнiк XIX сталецьця (успамiн у 60-летнюю гадаушчыну сьмерцi) / Р.А. Зямкевіч. — Вiльня : : Друкарня Марцiна Кухты, 1911. — 12 с.
10. Кавалёў, С. Звар’яцелы Альберт або Прароцтвы Шляхцiца Завальнi : П’еса-мiстыфiкацыя ў 2-х дзеях па матывах твораў Яна Баршчэўскага / С. Кавалёў // Тэатральная Беларусь. — 1992. — № 2. — С. 2—19.
11. Ластоўскі, В. Лабірынты / В. Ластоўскі // Выбраныя творы / Уклад., прадмова i каментарыi Я. Янушкевiча. — Мінск : Беларускi кнiгазбор, 1997. — С. 47—72.
12. Лобач, У. А. «Поле культуры» у традыцыйным светапоглядзе беларусаў Падзвіння (паводле твораў Яна Баршчэўскага) / У. А. Лобач // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. — 2008. — № 7. — С. 2—12.
13. Ніякоўская, А. Там, дзе буяла жыта / А. Ніякоўская. — Полацак : Выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда», 2016. — 164 с.
14. Уайт, Х. Метаистория : Историческое воображение в Европе XIX века / Х. Уайт ; Пер. с англ. под ред. Е.Г. Трубиной и В.В. Харитонова. — Екатеринбург : Издательство Уральского университета, 2002. — 528 с.
15. Хаустовiч, М. В. На парозе забытае святыні: Творчасць Яна Баршчэўскага / М. В. Хаустовiч. — Мінск : Права і эканоміка, 2002. — 186 с.
16. Шыдлоўскі, С. А. Шляхецкі саслоўны ідэал у творах Яна Баршчэўскага / С. А. Шыдлоўскі // Вестник Полоцкого государственного университета : Серия А (гуманитарные науки). — 2005. — № 7. — С. 128—134.
17. Шыдлоўскі, С.А. Шляхецкі этас у творах А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня» / С.А. Шыдлоўскі // Acta albaruthenica : Навуковы зборнік / пад агул. рэд. М. Хаўстовіча [і інш.]. — Выпуск пяты. — Мінск : Права і эканоміка, 2005. — С. 177—181.
18. Шыдлоўскі, С.А. Уласныя імёны ў кнізе Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня», як крыніца рэканструкцыі этнічнай карціны свету прывілеяванага саслоўя беларускага Падзвіння ў першай палове ХІХ ст. / С.А. Шыдлоўскі // Беларускае Падзвінне : вопыт, методыка і вынікі палявых даследаванняў (да 80-годдзя пачатку археалагічных раскопак у г. Полацку) : зб. навук. прац рэсп. навук.-практ. семінара, Полацк, 20—21 лістап. 2008 г. / пад агул. рэд. Д.У. Дука, У.А. Лобача. — Наваполацк : ПДУ, 2009. — С. 287—290.

Связанные изображения:

Summary
Кніга з Полацка : да традыцыі полацкай метагістарычнай прозы
Article Name
Кніга з Полацка : да традыцыі полацкай метагістарычнай прозы
Description
Полацкая празаічная традыцыя — з'ява пераважна метагістарычная. Метагісторыя ў дадзеным кантэксце разумеецца як метад рэканструкцыі гістарычнага працэсу сродкамі міфапаэтычнага наратыву пры недахопе гістарычнай (навуковай) факталогіі. Метагісторыя адлюстроўвае гістарычны працэс, але не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі.
Author
Publisher Name
Маладосць
Publisher Logo