Шыдлоўскі, С.А. Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя: аўтарэферат дысертацыі ... кандыдата гістарычных навук: 07.00.07 – этнаграфія, этналогія і антрапалогія / С.А. Шыдлоўскі; ДНУ «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі». – Мінск, 2009. – 22 с.

ДЗЯРЖАЎНАЯ НАВУКОВАЯ УСТАНОВА

«ІНСТЫТУТ МАСТАЦТВАЗНАЎСТВА, ЭТНАГРАФІІ

І ФАЛЬКЛОРУ ІМЯ К. КРАПІВЫ

НАЦЫЯНАЛЬНАЙ АКАДЭМІІ НАВУК БЕЛАРУСІ»

УДК 008(476(043.3))

ШЫДЛОЎСКІ

Сяргей Алегавіч

КУЛЬТУРА ПРЫВІЛЕЯВАНАГА САСЛОЎЯ БЕЛАРУСІ

ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ

 

Аўтарэферат дысертацыі на суісканне вучонай ступені

кандыдата гістарычных навук

па спецыяльнасці 07.00.07 – Этнаграфія, этналогія і антрапалогія


Работа выканана ў аддзеле народазнаўства Дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

 

Навуковы кіраўнік:                  Чаквін Ігар Усеваладавіч,

                                                    доктар гістарычных навук,

                                                    вядучы навуковы супрацоўнік аддзела

                                                    народазнаўства ДНУ «ІМЭФ ім. К. Крапівы

                                                    НАН Беларусі»

 

Афіцыйныя апаненты:              Мальдзіс Адам Іосіфавіч,

                                                    доктар фiлалагiчных навук, прафесар,

                                                    аглядальнік установы

                                                   Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

                                                   «Рэдакцыя газеты «Советская Белоруссия»

 

                                                    Раюк Андрэй Рыгоравiч,

                                                    кандыдат гістарычных навук,

                                                    дацэнт кафедры сацыяльных навук                                    

                                                    установы адукацыі «Ваенная акадэмія

                                                    Рэспублікі Беларусь»

 

Апаніруючая арганізацыя:       Беларускі дзяржаўны універсітэт

 

Абарона адбудзецца 17 снежня 2009 года ў 11.00 гадзін на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 01.42.01 пры Дзяржаўнай навуковай установе «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (220072, г. Мінск, вул. Сурганава, 1, корп. 2, п. 302; тэл. вучонага сакратара 284-29-24; E-mail: a_hurko@basnet.by).

 

З дысертацыяй можна азнаёміцца ў бібліятэцы Дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі».

 

Аўтарэферат разасланы 16 лістапада 2009 года.

 

Вучоны сакратар

савета па абароне дысертацый

доктар гістарычных навук, дацэнт                            Г.І. Каспяровіч

КАРОТКІЯ ЎВОДЗІНЫ

 

З развіццём незалежнай беларускай дзяржаўнасці і станаўленнем нацыянальных уладных інстытутаў паўстае пытанне пераемнасці гістарычнай і этнакультурнай свядомасці айчыннай эліты, непарыўнасці традыцыі ў сферах кіравання, што робіць актуальным вывучэнне культурнай спадчыны прывілеяванага саслоўя Беларусі. Прадстаўнікі прывілеяванага саслоўя Беларусі пакінулі значны след у развіцці як заходнееўрапейскай, так і ўсходнеславянскай культур. Гэта падкрэслівае асаблівую геапалітычную ролю беларускай дзяржавы на цывілізацыйнай восі «Усход – Захад» і гістарычную прадвызначанасць імкнення сучаснай Беларусі да шматвектарнай знешняй палітыкі.

У Расіі і Польшчы культура прывілеяванага саслоўя першай паловы ХІХ стагоддзя выдатна даследавана і ўведзена ў ранг нацыянальнай святыні («пушкінская эпоха», «эпоха філаматаў»). Яна зрабілася ў гэтых краінах нацыянальна-кансалідуючым фактарам, а таксама рэсурсам для развіцця музейнай, турыстычнай і забаўляльнай індустрыі. Нераспрацаванасць дадзенага пытання ў беларускай навуцы аб’ектыўна перашкаджае рэалізацыі шэрага грамадска-культурных праектаў, якія маюць як духоўнае, так і эканамічнае значэнне.

Культурныя працэсы першай паловы ХІХ стагоддзя прадвызначылі шэраг доўгатэрміновых этнакультурных тэндэнцый, у ліку якіх фарміраванне нацыянальных рухаў і нацыянальнай эліты краю. У гэты час выспявалі грамадска-палітычныя і эканамічныя рэформы, якія правялі мяжу паміж культурай феадальнай і капіталістычнай эпох. У дадзенай сувязі ўяўляецца важным для далейшага прагрэсу навуковых ведаў аб беларускім культурагенезе прасачыць развіццё культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі на працягу першай паловы ХІХ стагоддзя.

Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя не з’яўлялася да апошняга часу прадметам спецыяльнага этналагічнага даследавання. На сучасным этапе развіцця беларускай этналагічнай навукі адсутнічаюць абагульняючыя навуковыя даследаванні па дадзенай тэматыцы.

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ

 

Сувязь работы з буйнымі навуковымі праграмамі і тэмамі

Тэма дысертацыйнай работы адпавядае прыярытэтнаму накірунку фундаментальных навуковых даследаванняў «10.1. Тэарэтычнае абгрунтаванне шляхоў удасканалення беларускай мадэлі грамадскага развіцця і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці ў кантэксце сусветных сацыяльных, эканамічных, палітычных і культурных працэсаў: вывучэнне фундаментальных праблем развіцця нацыянальных рыс рэгіянальнай і лакальнай разнастайнасці беларускай культуры» (зацверджана Пастановай Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь 31 жніўня 2006 года № 418).

Дысертацыйная работа выканана ў рамках навукова-даследчай тэмы «Славянскія этнакультурныя традыцыі Беларусі» на 2001 – 2005 гг. (нумар дзяржаўнай рэгістрацыі 20012247), якая распрацоўвалася ў рамках дзяржаўнай комплекснай праграмы фундаментальных даследаванняў «Даследаванне гісторыі, мастацтва, фальклору, этнакультурных традыцый Беларусі ў кантэксце славянскіх культур, еўрапейскай цывілізацыі, глабальнага развіцця і этнаканфесіянальных працэсаў у сучасным свеце».

Мэта і задачы даследавання

Мэта дысертацыйнай работы – даследаваць асаблівасці матэрыяльнай, духоўнай і сацыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя, прасачыць эвалюцыю культуры на працягу разглядаемага перыяду.

Для дасягнення пастаўленай мэты вызначаны наступныя задачы:

  1. Даследаваць асноўныя тэндэнцыі ў развіцці матэрыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя.
  2. Выявіць характар трансфармацыі духоўнай і сацыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі азначанага перыяду.
  3. Ахарактарызаваць дынаміку матэрыяльнай, духоўнай і сацыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі разглядаемага перыяду.
  4. Вызначыць ролю саслоўнай і этнічнай свядомасці ў захаванні структурнай цэласнасці і функцыянальнасці культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя.

Аб’ектам даследавання з’яўляецца прывілеяванае саслоўе Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя. Выбар аб’екта даследавання абумоўлены неабходнасцю комплекснага навуковага вывучэння культуры прывілеяванага саслоўя як часткі беларускага этнасу для фарміравання цэласнага ўяўлення аб этнакультурным працэсе ў Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя. Прадметам дысертацыйнага даследавання з’яўляецца культура прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя. Храналагічныя рамкі даследавання вызначаюцца 1800 – 1850 гадамі. Пры неабходнасці робяцца экскурсы ў больш раннія (ад 1795 года – часу апошняга падзелу Рэчы Паспалітай) і больш познія часы (да 1863 – 1864 гадоў – апошняга шляхецкага паўстання ў Беларусі) з мэтай прасачыць генезіс і развіццё шэрага важных культурных тэндэнцый. Тэрыторыя Беларусі разглядаецца ў межах, якія вызначаны айчыннай этналогіяй (тэрыторыя Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, а таксама ўсходніх частак Віленскай і Ковенскай губерняў Расійскай імперыі).

Палажэнні, якія выносяцца на абарону

  1. У развіцці матэрыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя прасочваюцца мадэрнізацыйная і кансерватыўная тэндэнцыі. На падставе асаблівасцяў станаўлення дадзеных тэндэнцый у азначаны перыяд вылучаюцца тры асноўныя этапы генезісу матэрыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі: 1 этап – канец XVIII – 1812 г.;
    2 этап – 1812 – 1831 гг.; 3 этап – 1831 – 1861 гг. У цэлым пры наяўнасці пэўных прыкметаў разлажэння феадальна-прыгонніцкага ладу і нараджэння новых капіталістычных адносін у галіне эканомікі на працягу першай паловы ХІХ стагоддзя ў сферы культуры жыццезабеспячэння прывілеяванага саслоўя Беларусі пераважалі традыцыйныя аграрныя феадальныя формы. У дысертацыі ўпершыню прасочаны асноўныя тэндэнцыі ў развіцці матэрыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя і вызначана яе перыядызацыя.
  2. Трансфармацыя духоўнай і сацыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі ў першай палове ХІХ стагоддзя насіла адначасова уніфікацыйны і ахоўны характар. Уніфікацыйны працэс развіваўся ў значнай ступені дзякуючы знешнім уплывам (расійскаму і заходнееўрапейскаму). Як рэакцыя на культурную уніфікацыю ў асяроддзі шляхецтва фарміраваліся ахоўныя настроі. У межах гэтай тэндэнцыі традыцыйныя «сармацкія» (барочныя) рысы духоўнай і сацыяльнай культуры пачыналі пераасэнсоўвацца і культывавацца як «нацыянальныя». У дысертацыі ўпершыню вызначаны характар трансфармацыі традыцыйных («сармацкіх») рыс у культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя.
  3. Дынаміка культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя вызначалася рознахуткаснымі працэсамі адаптацыі мясцовых элітарных груп да расійскіх палітыка-эканамічных і сацыякультурных умоў жыцця. Паглыбляўся разрыў паміж культурай арыстакратыі, якая пераходзіла ад «сарматызму» да новых прэстыжных культурных мадэляў (сінкрэтычнай расійска-імперскай, рускай або польскай), і культурай дробнашляхецкага элемента, якая захоўвала традыцыйныя (шляхецкія («сармацкія») і народныя) рысы і развівалася ў межах рэгіянальных гісторыка-культурных супольнасцяў. Разам з тым дысертантам вызначаюцца агульныя адаптацыйныя стратэгіі, якія з рознай ступенню эфектыўнасці выкарыстоўвалі і арыстакратычная, і дробна-шляхецкая групы. У дысертацыі ўпершыню вылучаны адаптацыйны працэс як асноўны напрамак дынамікі культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя і вызначаны яго сацыякультурныя стратэгіі.
  4. Структурная цэласнасць і функцыянальнасць культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя была абумоўлена традыцыйнай саслоўнай свядомасцю яго прадстаўнікоў, іх выключным прававым і маёмасным становішчам. У структуры саслоўнай свядомасці элітарных груп Беларусі важнае месца захоўвалі канфесійныя, лакальна-рэгіянальныя і родава-кланавыя прыкметы. Аднак гамагеннасці культуры прывілеяванага саслоўя яны не пагражалі. Культурна-моўныя адрозненні не зрабіліся істотным фактарам самаідэнтыфікацыі. Прывілеяванае саслоўе Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя знаходзілася на першапачатковай стадыі нацыянальнага самавызначэння. Гэты працэс у азначаны перыяд быў незавершаны. У дысертацыі ўпершыню абгрунтаваны наднацыянальны характар культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя.

Асабісты ўклад суіскальніка

Дадзеная дысертацыя з’яўляецца цалкам самастойным даследаваннем і змяшчае вынікі, атрыманыя суіскальнікам на падставе этналагічнага аналізу шырокага кола пісьмовых крыніц, прац айчынных і замежных даследчыкаў. Упершыню ў айчыннай этналогіі праведзены комплексны аналіз культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя: прасочаны асноўныя тэндэнцыі ў развіцці матэрыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя і вызначана яе перыядызацыя; выяўлены характар трансфармацыі духоўнай і сацыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі; вылучаны крыніцы дынамікі і сацыякультурныя адаптацыйныя стратэгіі ў культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі; абгрунтавана значэнне саслоўнай і этнічнай свядомасці ў захаванні структурнай цэласнасці і функцыянальнасці культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі пер-шай паловы ХІХ стагоддзя.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі

Асноўныя палажэнні дысертацыі апрабаваны аўтарам у дакладах на наступных канферэнцыях: II Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гендэр і праблемы камунікацыйных паводзінаў» (Полацк, 2005); XIV Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Шлях да ўзаемнасці: Польска-беларускія гістарычныя, літаратурныя і моўныя сувязі» (Мінск, 2005); Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі «Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры» (Гродна, 2007); III Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гендэр і праблемы камунікацыйных паводзінаў» (Полацк, 2007); Х Міжнароднай міждысцыплінарнай навукова-практычнай канферэнцыі «Жанчына. Адукацыя. Дэмакратыя» (Мінск, 2007).

Апублікаванасць вынікаў дысертацыі

Вынікі даследавання, а таксама матэрыялы па тэме дысертацыі былі апублікаваны ў чатырох артыкулах у навуковых выданнях, уключаных у Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў, і пяці іншых публікацыях. Агульны аб’ём артыкулаў у навуковых выданнях, уключаных у Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў склаў 3,5 аўтарскага аркуша, агульны аб’ём усіх публікацый суіскальніка – 4,6 аўтарскага аркуша.

Структура і аб’ём дысертацыі

Дысертацыя складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі работы, трох глаў, пабудаваных згодна са структурна-функцыянальным прынцыпам, заключэння, бібліяграфічнага спіса і аднаго дадатку. Логіка пабудовы дысертацыйнай работы абумоўлена асаблівасцямі мэты і задач даследавання. Аб’ём тэкставай часткі – 112 старонак, агульны – 143 старонкі. Бібліяграфічны спіс (разам з асабістымі публікацыямі) утрымлівае 352 назвы.

 

АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ДЫСЕРТАЦЫІ

 

У першай главе «Аналітычны агляд літаратуры» разглядаецца навуковая літаратура, характарызуюцца крыніцы і метады, якія выкарыстоўваліся пры выкананні даследавання.

Асобныя аспекты культуры прывілеяванага саслоўя адлюстраваны ў працах айчынных і замежных этнолагаў, гісторыкаў, філолагаў, мастацтвазнаўцаў. Дадзеныя даследаванні можна ўмоўна падзяліць на чатыры групы на падставе храналагічнага прынцыпу.

Гістарыяграфія першай паловы ХІХ стагоддзя. З’яўленне першых расійскіх даследаванняў па гісторыі беларускіх зямель М.М. Бантыш-Каменскага, Н.М. Карамзіна, М.Г. Устралава, гісторыка-статыстычных аглядаў афіцэраў ваеннага ведамства А. Карэвы, М. Цэбрыкава, П. Баброўскага, І. Зяленскага, М. Дамантовіча стымулявалася афіцыйнай задачай абгрунтавання падзелаў Рэчы Паспалітай. У сваю чаргу польская гістарыяграфія вырашала задачу абгрунтавання правоў Польшчы на землі былой Рэчы Паспалітай. Разгляду пэўных аспектаў культуры прывілеяванага саслоўя першых дзесяцігоддзяў ХІХ стагоддзя былі прысвечаны работы Л. Галамбёўскага, А. Рыпінскага, Е. Тышкевіча.

Гістарыяграфія другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. У другой палове ХІХ стагоддзя ў творах ураджэнцаў Беларусі М.В. Без-Карніловіча, В.В. Турчыновіча, І.А. Парай-Кошыца былі прадстаўлены асобныя аспекты шляхецкай культуры. На мяжы 50 – 60-х гадоў ХІХ стагоддзя ў расійскай гістарыяграфіі павялічылася цікавасць да этнаканфесійных аспектаў беларускай гісторыі (Д.І. Ілавайскі, М.І. Кастамараў, М.В. Каяловіч, С.М. Салаўёў). Пашырэнню ў расійскім грамадстве аб’ектыўных ведаў пра ролю шляхецтва ў беларускай культуры паспрыялі работы А.К. Кіркора, С.В. Максімава,
А.М. Пыпіна. Юрыдычныя аспекты генезісу прывілеяваных груп разглядаліся ў працах М. Яблачкава, В.В. Ключэўскага, А. Рамановіча-Славацінскага.

Польскія аўтары М. Бабжынскі, Т. Корзан, У. Смаленскі, Ю. Шуйскі шляхецкую культуру разглядалі ў кантэксце вывучэння прычын заняпаду Рэчы Паспалітай. Плённа разгортваліся ў другой палове ХІХ стагоддзя этнаграфічныя даследаванні асобных аспектаў шляхецкай культуры З. Глогера, А. Ельскага, О. Кольберга.

Гістарыяграфія першай паловы ХХ стагоддзя. Здабыткам беларускай савецкай гістарыяграфіі 20 – 30-х гадоў ХХ стагоддзя зрабіліся працы, прысвечаныя фарміраванню беларускай этнічнай ідэнтычнасці і ролі ў гэтым працэсе элітарных груп (Ф. Турук, А. Цвікевіч). У даваеннай расійскай савецкай гістарыяграфіі распрацаванай з’яўлялася тэма рэвалюцыйных шляхецкіх традыцый. У польскай гістарыяграфіі 20 – 40-х гадоў ХХ стагоддзя з’явіліся першыя абагульняючыя працы па гісторыі шляхецкай культуры
Я. Быстраня, А. Брукнера, У. Лазінскага, у якіх, аднак, не выяўлена беларуская спецыфіка. Да здабыткаў гістарычнай навукі ПНР 40 – 50-х гадоў ХХ стагоддзя, прысвечаных праблеме шляхецкай культуры, можна аднесці даследаванні Т. Манькоўскага і Т. Дабравольскага, у якіх разглядаюцца розныя аспекты феномену «сарматызму».

Гістарыяграфія другой паловы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя. Узрастанне цікавасці да праблемаў культуры прывілеяванага саслоўя назіраецца ў беларускай гістарыяграфіі 70 – 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Аспекты матэрыяль-най культуры прывілеяванага саслоўя знайшлі адлюстраванне ў даследаваннях Л.А. Малчанавай. Пытанням этнагенезу беларусаў і фарміравання беларускай этнічнай ідэнтычнасці, у тым ліку прывілеяванага саслоўя, былі прысвечаны працы М.Ф. Піліпенкі, П.В. Церашковіча, І.У. Чаквіна. Этапнай у распрацоўцы метадалогіі даследавання шляхецкай культуры Беларусі і вызначэнні яе структурных элементаў зрабілася манаграфія А.І. Мальдзіса «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя» (Мінск, 1982). Культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі XIV – XVI стагоддзяў прысвечана манаграфія А.А. Кілбас (Мінск, 2003). У апошнія гады асобныя аспекты культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі знайшлі адлюстраванне ў работах В.М. Бялявінай, І.Р. Вугліка, А.У. Гурко, Г.І. Каспяровіч, Г.М. Курыловіч, Т.І. Кухаронак, А.М. Кулагіна, С.Я. Куль-Сяльверставай, А.І. Лакоткі, Л.В. Ракавай, Я.М. Сахуты, А.Т. Федарука. У польскай гістарыяграфіі другой паловы ХХ стагоддзя з’явіліся абагульняючыя працы па гісторыі культуры польскага прывілеяванага саслоўя
(А. Заянчкоўскага, Wrocław, 1961; З. Куховіча, Łodż, 1975; Я. Тазбіра, Warszawa, 1978; М. Багуцкай, Warszawa, 1987), якія часткова засноўваюцца на беларускім матэрыяле.

Такім чынам, можна канстатаваць адсутнасць комплексных этналагічных даследаванняў культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя.

Крыніцы дысертацыйнага даследавання можна ўмоўна падзяліць па тэматычнаму прынцыпу на пяць груп: актавыя матэрыялы (акты юрыдычныя, сацыяльна-эканамічныя і палітычныя); спецыяльная і даведачная літаратура; публіцыстыка і падарожныя нататкі (Р. Падбярэскі, У. Сыракомля, Ю. Крашэўскі, П.М. Шпілеўскі і іншыя); мемуарныя і эпісталярныя крыніцы (Э. Адынец, Н. Галіцына, І. Дамейка, Г. Дабрынін, Т. Зан, Э.Т. Масальскі, С. Мараўскі,
М. Нікіфароўскі, Л. Патоцкі, Г. Пузыня, Е. Фялінская і іншыя); мастацкая літаратура (Я. Баршчэўскі, К. Буйніцкі, Ф. Булгарын, А. Міцкевіч, Г. Жавускі, І. Ходзька і іншыя).

Метадалагічную аснову даследавання склалі асноўныя прынцыпы этналагічнай навукі – гістарызм, сістэмнасць і комплекснасць. Тэарэтычныя падыходы шэрага айчынных даследчыкаў (М.Ф. Піліпенкі, А.І. Мальдзіса, І.У. Чаквіна і А.А. Кілбас) былі выкарыстаны для вызначэння структурных элементаў культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі і яго этнакультурнай прыналежнасці.

Метады даследавання вызначаюцца характарам тэмы, мэтай і асаблівасцямі крыніц дысертацыі. Для вырашэння пастаўленых задач выкарыстоўваліся структурна-тыпалагічны, структурна-функцыянальны і параўнальна-гістарычны метады. Выкарыстанне структурна-тыпалагічнага і структурна-функцыянальнага метадаў дазволіла вызначыць асноўныя структурныя элементы культуры прывілеяванага саслоўя і іх функцыі, прасачыць уплыў знешніх фактараў у фарміраванні структурных элементаў і выявіць характар культурных трансфармацый. Выкарыстанне параўнальна-гістарычнага метаду дазволіла вызначыць асноўныя тэндэнцыі ў развіцці культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі і выявіць крыніцу культурнай дынамікі. У працы таксама выкарыстаны агульна-навуковыя метады – лагічны, індукцыі, дэдукцыі і тыпалогіі.

Другая глава «Матэрыяльная культура прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя» складаецца з двух раздзелаў.

У раздзеле 2.1. «Традыцыйныя заняткі і гаспадарчыя стратэгіі» разглядаюцца стратэгіі матэрыяльнай адаптацыі мясцовага прывілеяванага саслоўя да зменаў сацыяльна-палітычных умоў жыцця ў першай палове ХІХ стагоддзя. Выпрабаваннем ролева-функцыянальнай эфектыўнасці для мясцовых прывілеяваных груп, у першую чаргу іх здатнасці да арганізацыі і рэгуляцыі працэсаў жыццезабеспячэння этнасу, з’явілася ўключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі. У шляхецкім асяродку існавалі стэрэатыпы, якія абмяжоўвалі абсяг выбару прафесіі для прадстаўнікоў прывілеяванага саслоўя. Пажаданай для прадстаўнікоў дробнай і сярэдняй шляхты заставалася служба на магнацкім двары, праца ў судовых установах і ў органах шляхецкага самакіравання. Асновай шляхецкага дабрабыту заставалася сельскагаспадарчая вытворчасць. Для традыцыйнага шляхецкага фальварку былі ўласцівы нерацыянальны характар землекарыстання, нізкая таварнасць. Дабрабыт сярэдняга ды буйнога панства забяспечваўся неэканамічнымі метадамі эксплуатацыі сялянства. Дробнае шляхецтва аб’ектыўна не магло прэтэндаваць на кіруючую, рэгулюючую ці інавацыйную ролю ў грамадстве, апынуўшыся ў той жа эканамічнай нішы, што і сялянства.

У раздзеле 2.2. «Знешнія ўплывы ў эвалюцы і матэрыяльнай культуры» разглядаюцца міжкультурныя ўзаемадзеянні на прыкладзе развіцця матэрыяльнай культуры беларускіх прывілеяваных груп. У першай палове ХІХ стагоддзя на беларускіх землях побытавае асяроддзе паступова губляла традыцыйныя рысы, уніфікавалася суладна агульнаеўрапейскім і ўнутрырасійскім тэндэнцыям. Найбольш інтэнсіўна гэты працэс закрануў матэрыяльную культуру заможнага дваранства. У першай палове ХІХ стагоддзя архітэктура сядзіб на беларускіх землях фарміравалася пад уплывам класіцызму і рамантызму.

У стварэнні мясцовых архітэктурных ансамбляў прымалі ўдзел як айчынныя, так расійскія і заходнееўрапейскія архітэктары. У заможных сядзібах выкарыстоўвалася рознастылёвая мэбля. Пасля шляхецкага паўстання 1830 – 1831 гадоў мясцовае каталіцкае дваранства засяродзілася на прыватным жыцці, узмацніўся геданічны аспект шляхецкай культуры. Панскія двары перарабляліся суладна заходнееўрапейскім крытэрыям камфорту і функцыянальнасці.

Развіццё прамысловасці, дэмакратызацыя грамадства, дынамічныя змены мастацкіх стыляў спрыялі з’яўленню новых тканін, аксесуараў, што стымулявала развіццё моды. Павышэнне сацыяльнай мабільнасці рабіла моду інструментам дасягнення поспеху. ХІХ стагоддзе азначаецца дэмакратызацыяй моды. Напачатку ХІХ стагоддзя ў беларускім прывілеяваным грамадстве назіралася тэндэнцыя да эклектыкі ў манеры апранацца. Масавае вяртанне да традыцыйнай шляхецкай вопраткі адбывалася падчас паўстанняў. Моладзь прытрымлівалася найноўшых зменаў крою. Для беларускага прывілеяванага грамадства ўзорам для пераймання з’яўляліся арыстакратычныя колы Варшавы і Пецярбурга. Больш адкрытай у гэтых адносінах групай было сярэдняе і буйное дваранства.

У першай трэці ХІХ стагоддзя на смакавыя прыхільнасці мясцовай арыстакратыі ўплывала французская мода, а на абсталяванне кухань – англійскія ўзоры. Арыстакратычны рацыён харчавання вызначаўся шырокім выкарыстаннем імпартных прадуктаў. У традыцыі сярэдняй шляхты было выкарыстанне пераважна прадуктаў мясцовага паходжання, тлустых мясных страў, вострых соусаў і прыпраў, салодкіх прысмакаў, частка якіх была запазычана з Усходу. На працягу першай паловы ХІХ стагоддзя выявілася тэндэнцыя да фарміравання на падставе шляхецкіх, мяшчанскіх і сялянскіх традыцый агульнанацыянальнай беларускай кухні, інтэграванай у еўрапейскую кулінарную традыцыю.

Трэцяя глава «Сацыяльная і духоўная культура прывілеяванага са-слоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя» складаецца з трох раздзелаў.

У раздзеле 3.1. «Традыцыі выхавання і культура паводзінаў» разглядаюцца тэхналогіі выхавання і сацыялізацыі ў культуры прывілеяванага саслоўя, вывучаюцца традыцыйныя этыкетныя паводзіны элітарных груп. Шляхецкае выхаванне засноўвалася на сямейна-радавых і саслоўных каштоўнасцях. Важнай задачай шляхецкага выхавання з’яўлялася актуалізацыя гістарычнай памяці. Грамадскі прэстыж вымагаў ведання тэрміналогіі і адносін сваяцкасці, арыентацыі ў генеалагічнай гісторыі не толькі сваіх, але і суседскіх сем’яў. На працягу першай паловы ХІХ стагоддзя захоўвалася значэнне магнацкіх рэзідэнцый як цэнтраў развіцця і распаўсюджвання высокай культуры. Практыка шляхецкага выхавання засноўвалася таксама на народнай традыцыі. Узоры вуснай народнай творчасці, народныя веды, звязаныя з метэаралогіяй і аграноміяй, былі вядомыя шляхце і ўніяцкаму святарству. Праграма навучання ў каталіцкіх і базыльянскіх школах насіла схаластычны характар. Добрыя вынікі прынесла развіццё свецкай адукацыйнай сістэмы. Усё большае значэнне ў выхаванні і сацыялізацыі на працягу першай паловы ХІХ стагоддзя набывала прэса. Важнымі інстытутамі сацыялізацыі шляхецтва з’яўляліся тэатр, войска і палестра.

Культура паводзінаў мясцовага прывілеяванага саслоўя мела ў аснове барочны «сармацкі» ідэал, які ў першай палове ХІХ стагоддзя зазнаў значныя трансфармацыі, звязаныя як з уплывам ідэй Асветніцтва і заходнееўрапейскіх, з большага французскіх, узораў паводзін, так і з неабходнасцю прыстасавання да расійскіх сацыяльных рэалій. Істотным фактарам беларускага шляхецкага этыкету з’яўлялася гасціннасць. Звычай гасціннасці дазваляў мясцовым элітарным групам падтрымліваць высокі ўзровень камунікацыі. Паводзіны індывіда ў дваранскім асяродку карэкціраваліся ўяўленнем пра радавую годнасць і іерархічнымі адносінамі. Сервільнае становішча дробнай шляхты выяўлялася ў жэстах адданасці. Ва ўмовах адаптацыі да сацыяльных норм і традыцый расійскага грамадства носьбіты «сармацкай» культуры востра адчувалі неабходнасць у падмацаванні свайго статусу. Адсюль высокая ступень дэманстратыўнасці і акцэнтавання прыкмет сваёй саслоўнай прыналежнасці, гіпертрафіраваны «тэатр гонару». Уплыў на сацыяльныя паводзіны, асабліва ў маладзёжных асяродках, у першай палове ХІХ стагоддзя аказвала мода на канспірацыю. Побач з сямейнымі, сяброўскімі і суседскімі формамі ўзаемадзеяння, заснаванымі на хрысціянскіх каштоўнасцях, з’явіліся згуртаванні, якія падпарадкоўваліся дысцыпліне, клятве, аўтарытэту кіраўніка.

У раздзеле 3.2. «Формы баўлення вольнага часу» разглядаюцца формы рэкрэацыі і мастацкія практыкі ў асяроддзі беларускіх элітарных груп. У буйных землеўладальнікаў і дробнай шляхты змест паняцця «вольны час» адрозніваўся. Папулярнымі зонамі адпачынку з’яўляліся грамадскія паркі, бульвары, корчмы. Месцам, дзе бавілася сацыяльна-змешанае грамадства, былі таксама камерцыйныя танцавальныя вечары. Саслоўнымі асяродкамі баўлення вольнага часу з’яўляліся «дваранскія зборні», дзе некалькі разоў на тыдзень ладзіліся балі. Баль быў важным матрыманіяльным механізмам. Значная частка формаў баўлення вольнага часу заставалася рэлігійна-абрадавай. Прыватныя забавы дваранскага саслоўя былі багатыя на разнастайныя артыстычныя формы. Музыка з’яўлялася элементам штодзённага жыцця ў беларускіх дваранскіх сем’ях з высокім і сярэднім узроўнем дабрабыту. Адной з любімых форм баўлення вольнага часу ў прывілеяваным грамадстве заставаўся тэатр. Патрэба землеўладальнікаў у эстэтычнай дзейнасці задавальнялася таксама пры планіроўцы сядзібаў і паркаў, закладцы садоў, разбіўцы кветнікаў і ўладкаваннi аранжарэй. Развіццё прыродазнаўчых навук, медыцыны і гігіены скіроўвала ўвагу грамадства да забаў на вольным паветры, вандровак. Да традыцыйных форм шляхецкіх забаў адносілася паляванне. У ХІХ стагоддзі яно пачынае насіць рэкрэацыйна-спартыўны і статусны характар. Формы баўлення вольнага часу мясцовым святарствам адпавядалі забавам шляхецтва.

У раздзеле 3.3. «Формы этнічнага самавызначэння і трансфармацыя саслоўнай свядомасці» вывучаецца працэс станаўлення этнакультурнай свядо-масці ў прывілеяваных групах беларускага грамадства, разглядаецца змест саслоўнай свядомасці прывілеяваных груп Беларусі, аналізуюцца яго галоўныя кампаненты, прасочваюцца змены стэрэатыпаў, ідэалаў, гістарыясофскіх уяўленняў.

Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі прыпала на эпоху «абуджэння народаў». З’яўленню беларускай нацыянальнай ідэі папярэднічала «адкрыццё» беларускага этнасу, якое адбывалася пры ўдзеле палітычных і навуковых колаў суседніх народаў. «Адкрыццё» спрыяла аб’ектыўнаму выяўленню самабытных рысаў беларускага этнасу і адначасова дачынілася да канструявання дадзенай супольнасці. Канфесійная пярэстасць, рэгіяналізм як частка свядомасці прывілеяванага саслоўя, ідэалогія шляхецкай выключнасці стрымлівалі фармаванне этнакультурнай беларускай ідэнтычнасці. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай была ліквідавана аўтаномія Вялкага княства Літоўскага, а разам з тым і кансалідуючы фактар у фармаванні Natio Lithuanus – ліцвінскай шляхты, надэтнічнай прывілеяванай супольнасці, знач-ную частку якой складалі нашчадкі «русінаў». У XIX стагоддзі сярод літвінаў у шырокім сэнсе пачалі вылучаць этнічных літоўцаў (саманазва – «lietùvisè») і беларусаў. Спыненне развіцця шляхецкай ліцвінскай культуры можна аднесці да сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

Са стратай суверэнітэту Рэчы Паспалітай у шляхецкім асяродку пашыраўся рэчпаспалітаўскі патрыятызм, і тэрмін «паляк» пачаў больш актыўна ўжывацца як саманазва шляхты беларускіх зямель. Але большасць шляхціцаў захавала культурную і моўную беларускую асаблівасць. Напрыканцы XVIII – напачатку ХІХ стагоддзя адукаванымі прадстаўнікамі польскай арыстакратыі ставілася задача мацавання этнакультурнай польскай ідэнтычнасці сярод беларуска-літоўскай шляхты. Гэтаму заданню служылі рэфармаваная сістэма адукацыі, касцёл, польскамоўныя тэатр і прэса. Да шляхецкага паўстання 1830 – 1831 гадоў адносіны царскай улады ў дачыненні нацыянальнага пытання на беларускіх землях заставаліся індыферэнтнымі.

Працэс нацыянальнага самавызначэння закрануў у першай палове ХІХ стагоддзя перадусім шляхецкую інтэлігенцыю, фарміраванне этнічнай ідэнтычнасці якой зазнала ідэалагічны ўплыў сталічных універсітэцкіх асяродкаў, эміграцыйных гурткоў, таемных таварыстваў. Кансерватары працягвалі і надалей укладаць у тэрміны «ліцвін», «паляк», «беларус» надэтнічны – рэгіянальны, саслоўны ці канфесійны – змест.

Ідэальны вобраз беларускага шляхціца ўключаў як маральныя, так інтэлектуальныя і фізічныя якасці. У шэрагу эксклюзіўных асаблівасцяў мясцовага набілітэту называліся фізічны спрыт, жывы розум, таварыскасць, гасціннасць. Мясцовае панства ў сваіх паводзінах кіравалася паняццямі радавога і саслоўнага гонару. Паняцце высакароднасці ў шляхецкім асяродку засноўвалася на феадальнай ідэі прыроджаных якасцяў – высакароднасці крыві. У прывілеяваным грамадстве прапагандаваўся тэзіс пра унікальны характар палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай. Вобраз Айчыны асацыіраваўся менавіта з гэтай палітыка-юрыдычнай сістэмай, што гарантавала шляхце выключны сацыяльны статус, а таксама з каталіцкай верай, што надавала шляхецкаму саслоўю адчуванне унікальнасці сваёй місіі – быць абаронцамі і распаўсюдж-вальнікамі заходніх хрысціянскіх каштоўнасцяў.

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

 

Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі

  1. Важнымі тэндэнцыямі ў развіцці матэрыяльнай культуры прывілеява-нага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя з’яўляліся мадэрнізацыйны і кансерватыўны працэсы. Іх суадносіны ў культурным працэсе вар’іраваліся ў залежнасці ад зменаў у палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сферах грамадскага жыцця. На падставе асаблівасцяў развіцця дадзеных тэндэнцый у азначаны перыяд вылучаюцца тры асноўныя этапы генезісу матэрыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі. На працягу першага перыяду (канец XVIII ст. – 1812 г.) захоўвалася спрыяльная эканамічная кан’юнктура для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, назіраўся рост дабрабыту сярод землеўладальнікаў. Свабодныя і пазыковыя сродкі памешчыкаў шырока выдаткоўваліся на перабудову маёнткаў, на прадметы раскошы і гандлёвыя спекуляцыі. Найбольш глыбокую трансфармацыю адпаведна найноўшым заходне-еўрапейскім узорам зазнаў побыт арыстакратыі. Мадэрнізацыйныя ўплывы амаль не закраналі сферу вытворчых тэхналогій. На развіццё матэрыяльнай культуры найбольшае ўздзеянне аказвала заходнееўрапейская мода, пераважна французская.

На другім этапе (1812 – 1831) пасля вайны 1812 года назіралася экана-мічная рэцэсія і кансервацыя экстэнсіўных форм культуры жыццезабеспячэння прывілеяванага саслоўя Беларусі. Адбывалася паўперызацыя дробнай шляхты. Накапленні шляхецтва інвесціраваліся пераважна ў набыццё зямельных уладанняў і адукацыю дзяцей. Праз рамантычную моду на экзотыку атрымала развіццё «сармацкая» арыентальная традыцыя. Дэмакратызавалася індустрыя моды, паступова збліжаліся побытавыя ўзоры матэрыяльнай культуры прывілеяванага і непрывілеяванага саслоўяў.

На трэцім этапе (1831 – 1861) пасля няўдалага шляхецкага паўстання 1830 – 1831 гадоў царскі ўрад пачаў больш рашуча праводзіць палітыку уніфікацыі мясцовай заканадаўчай базы. Палітызацыя грамадскай думкі ў асяроддзі прывілеяванага саслоўя страціла сваю вастрыню. Мясцовыя дваранскія сельскагаспадарчыя і прамысловыя прадпрыемствы пачалі больш шырока ўцягвацца ў агульнарасійскі рынак. Усё гэта спрыяла гаспадарчаму аднаўленню краю і мадэрнізацыі культуры жыццезабеспячэння прывілеяванага грамадства Беларусі. Паскаралася развіццё рыначных адносін і памешчыцкага прадпрыемніцтва. Вялікае значэнне для павышэння сельскагаспадарчых ведаў, а таксама ўкаранення прагрэсіўных земляробчых тэхналогій паслужыла адкрыццё Горы-Горацкай земляробчай школы (1840 – 1848). Пашыраліся інвестыцыі ў механізацыю сельскагаспадарчых работ і прамысловасці. Значныя змены адбыліся ў сферы культуры жыццезабеспячэння духавенства ў сувязі з секулярызацыяй духоўнага землеўладання. У сферы побыту мясцовага дваранства выявілася тэндэнцыя кансервацыі традыцыйных формаў матэрыяльнай культуры, «музеефікацыі» жыцця маёнткаў. У архітэктуры і інтэр’еры шляхецкага жытла папулярным становіцца рэтраспектыўны стыль, больш адчувальным робіцца і расійскі ўплыў.

Палітыка расійскага ўраду ў дачыненні мясцовых прывілеяваных груп (канфіскацыя маёнткаў удзельнікаў шляхецкіх паўстанняў, разборы шляхты, інвентарная рэформа), пагаршэнне знешнеэканамічнай кан’юнктуры на мясцовую сельскагаспадарчую прадукцыю, павелічэнне канкурэнцыі на мясцовым рынку вымагалі ад землеўладальнікаў інавацыйнай ініцыятывы. Найперш гэтая патрэба ўсведамлялася адукаванымі памешчыкамі, якія мадэрнізавалі ўласныя гаспадаркі, дабіваліся вызвалення прыгонных, рэфармавалі свой і сялянскі побыт адпаведна новым уяўленням аб камфорце і гігіене. Павышаліся патрабаванні да інтэлектуальнага ўзроўню прадстаўнікоў эліты, іх асабістай ролева-функцыянальнай эфектыўнасці (прафесіяналізму, ініцыятыўнасці, адукаванасці). Аднак недахоп матэрыяльных рэсурсаў для эканамічных пераўтварэнняў сярод пераважнай часткі шляхецтва спрыяў кансервацыі ў краі на працягу першай паловы ХІХ стагоддзя феадальных форм культуры жыццезабеспячэння. Назіралася рэдукцыя кола саслоўных функцыянальных абавязкаў прадстаўнікоў мясцовага набілітэту. Прадстаўнікі мясцовых прывілеяваных груп усё больш замыкаліся ў межах прыватнага таварыскага побыту. Як супрацьвага расійскім уплывам прапагандавалася ідэя «еўрапейскасці» шляхецкай традыцыі, што спрыяла распаўсюджванню заходнееўрапейскіх узораў матэрыяльнай культуры. Праваднікамі культурных інавацый у матэрыяльнай культуры Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя часта выступалі іншаэтнічныя (нямецкія, расійскія, яўрэйскія) і іншасаслоўныя (купецтва, мяшчанства) групы. У цэлым на працягу першай паловы ХІХ стагоддзя пры наяўнасці пэўных прыкметаў разлажэння феадальна-прыгонніцкага ладу і нараджэння новых капіталістычных адносін у галіне эканомікі, у сферы культуры жыццезабеспячэння прывілеяванага саслоўя Беларусі пераважалі традыцыйныя аграрныя феадальныя формы [4, 7].

  1. Трансфармацыя духоўнай і сацыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі ў першай палове ХІХ стагоддзя праходзіла ў рэчышчы агульна-расійскіх і агульнаеўрапейскіх тэндэнцый камерцыялізацыі і дэмакратызацыі культуры і насіла уніфікацыйны характар. Змяшчэнне цэнтра культурнага жыцця краю з рэзідэнцый і маёнткаў шляхецтва ў гарады, фарміраванне новай сацыяльнай групы – разначыннай інтэлігенцыі, развіццё свецкіх адукацыйных інстытутаў і прэсы, распаўсюджванне ідэй асветніцтва, а пазней – пазітывізму, з іх ідэаламі здаровага ладу жыцця, эканамічнай карысці, палітычнай мэтазгоднасці і прыматам навуковай арганізацыі грамадства заклалі асновы для фарміравання надсаслоўнай нацыянальнай культуры. Падобныя трансфармацыі разглядаліся клерыкальнымі і кансерватыўнымі коламі прывілеяванага грамадства Беларусі як пагроза для сваёй кіруючай ролі ў краі. У шляхецкай культуры ўзмацняліся ахоўныя працэсы. «Сарматызм», барочны тып культуры пачаў супрацьпастаўляцца мадэрнізацыйным заходнееўрапейскім («буржуазным») і уніфікацыйным расійскім працэсам і пераасэнсоўвацца ў асяродку шляхецкай інтэлігенцыі ў якасці «нацыянальнага» стылю. Працягам гэтай ахоўнай кансерватыўнай тэндэнцыі ў развіцці духоўнай і сацыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя з’яўляецца папулярызацыя ў асяроддзі мясцовай дробнашляхецкай інтэлігенцыі ідэалагічных і эстэ-тычных прынцыпаў рамантызму [5, 6].
  2. Дынаміка ў культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя была абумоўлена ў значнай ступені працэсам адаптацыі мясцовых элітарных груп да расійскіх палітыка-эканамічных і сацыякультурных умоў жыцця. Адаптацыя насіла рознахуткасны характар і паглыбляла культурную дыферэнцыяцыю ў асяроддзі прывілеяванага саслоўя Беларусі. Адаптацыя мела дваістую мэту – захаванне культурнай цэласнасці мясцовай прывілеяванай групы і адначасова яе інтэграцыю ў агульнарасійскую элітарную супольнасць. Можна вылучыць наступныя сацыякультурныя адаптацыйныя стратэгіі ў культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы
    ХІХ стагоддзя:
  • моўная натуралізацыя (навучанне ў расійскіх універсітэтах і адначасовае захаванне нацыянальнай польскамоўнай адукацыйнай сістэмы ў краі);
  • пошук ідэалагічна-канфесійнага кансенсусу (развіццё ідэалогіі пан-славізму; абмеркаванне ідэй увядзення рускай або беларускай моў у каталіцкім набажэнстве і скасавання грэка-каталіцкай уніі);
  • павышэнне міграцыйнай мабільнасці (выезд у сталічныя гарады Расійскай імперыі для рэалізацыі кар’еры і фарміраванне моцнай дыяспары);
  • выпрацоўка дэмаграфічнай палітыкі (культ вялікай шматдзетнай сям’і);
  • глорызацыя шляхецкай культуры (прапаганда ідэі «еўрапейскасці» шляхецкай культуры; каталіцкі месіянізм);
  • каранізацыя (зварот да беларускай мовы; збор гістарычных звестак і фальклору з мэтай доказу сваіх гістарычных правоў на культурную прысутнасць у краі; мецэнацтва; капіталаўкладанні ў нацыянальную культуру; калекцыяніраванне);
  • матрыманіяльныя абмены (міжэтнічныя і міжканфесійныя шлюбы);
  • сімвалічныя абмены (уніфікацыя імён на расійскі ўзор; мадыфікацыя радаводаў);
  • мацаванне саслоўнай салідарнасці (саслоўна-кланавы пратэкцыянізм, інтэнсіфікацыя ўнутрыродавых і ўнутрысаслоўных сувязяў).

Працэсу адаптацыі дробнага шляхецтва да расійскіх палітыка-эканамічных і сацыякультурных умоў жыцця замінала палітычная і эканамічная дысфункцыянальнасць гэтай сацыяльнай групы ва ўмовах расійскага абсалютысцкага рэжыму. Павялічваўся разрыў паміж эканамічнымі і палітычнымі магчымасцямі арыстакратыі і беззямельнага ды малазямельнага дваранства, ліквідавалася ілюзія гамагеннасці колішняга «народу шляхецкага». У культуры магнатэрыі адбываўся пераход ад «сарматызму» да прэстыжных культурных мадэляў (сінкрэтычнай расійска-імперскай, расійскай або польскай). Дробнашляхецкая інтэлігенцыя шукала новыя формы ідэнтычнасці на глебе лакальна-рэгіянальных гісторыка-культурных традыцый, што стварала перадумовы для фарміравання нацыянальнай беларускай культуры [3, 6, 8, 9].

  1. Структурная цэласнасць і функцыянальнасць культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя была абумоўлена традыцыйнай саслоўнай свядомасцю яго прадстаўнікоў. Культура прывілеяваных груп Беларусі ў азначаны перыяд захоўвала наднацыянальны характар. Працэс этнакультурнага самавызначэння і нацыянальнага размежавання ў асяродку прывілеяванага саслоўя Беларусі быў няскончаны. Важнае месца ў структуры саслоўнай свядомасці элітарных груп Беларусі захоўвалі канфесійныя, лакальна- рэгіянальныя і родава-кланавыя прыкметы. У структуру саслоўнай свядомасці ўваходзілі таксама наступныя стэрэатыпы, каштоўнасці і ідэалы: культ міну-лага, уяўленне аб выключнай вартасці палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай і «залатых шляхецкіх вольнасцяў», прымат радавітасці пры ацэнцы маральных і дзелавых якасцяў асобы, самадастатковасць шляхецкага становішча, унутрысаслоўная шляхецкая роўнасць і братэрства, культ сям’і, роду, «радавога гнязда» і аселасці на зямлі, рэлігійна-цывілізацыйнай місіі шляхецтва на ўсходзе Еўропы. Свядомасць мясцовага набілітэту з’яўлялася полем змагання польскай і рускай нацыянальных ідэй. Формай пазбягання падобнага выбару быў зварот да «тутэйшасці» – культывавання мясцовага рэгіянальнага патрыятызму, які бліжэй да сярэдзіны ХІХ стагоддзя ўсё часцей вызначаўся тэрмінам «беларускі» [1, 2, 5].

 

Рэкамендацыі па практычным выкарыстанні вынікаў дысертацыі

Вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны ў працэсе падрыхтоўкі будучых этнолагаў, гісторыкаў, культуролагаў. Матэрыялы дысертацыйнай работы могуць быць уключаны ў змест лекцыйных курсаў «Этналогія і этнаграфія Беларусі», «Гісторыя Беларусі», «Культуралогія», «Краязнаўства», выкарыстоўвацца для распрацоўкі спецкурсаў па гісторыі культуры Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя, гісторыі матэрыяльнай і духоўнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі.

Матэрыялы дысертацыйнага даследавання могуць выкарыстоўвацца пры напісанні абагульняючых работ па гісторыі матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага этнасу, пры падрыхтоўцы музейных экспазіцый і экс-курсій, стварэнні адукацыйных і навукова-асветніцкіх публікацый, у выхаваўча-патрыятычнай дзейнасці краязнаўчых гурткоў, а таксама ў сістэме павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне музейна-экскурсійнай дзейнасці, выхаваўча-патрыятычнай работы.

Вынікі дысертацыйнага даследавання выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе ў Полацкім дзяржаўным універсітэце пры выкладанні курса «Гісторыя Беларусі», «Культуралогія», «Гісторыя беларускай грамадска-палітычнай і філасофскай думкі» (акты аб практычным выкарыстанні вынікаў даследавання змешчаны ў дадатку А дысертацыі).

 

 

СПІС ПУБЛІКАЦЫЙ СУІСКАЛЬНІКА

ПА ТЭМЕ ДЫСЕРТАЦЫІ

 

Артыкулы ў перыядычных навуковых выданнях
  1. Шыдлоўскі, С.А. Шляхецкі саслоўны ідэал у творах Яна Баршчэўскага
    / С.А. Шыдлоўскі // Вестн. Полоц. гос. ун-та. Сер. А. Гуманитарные науки. – – № 7. – С. 128 – 134.
  2. Шыдлоўскі, С.А. Формы самавызначэння і самасвядомасці прывілеяванага саслоўя ў Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя / С.А. Шыдлоўскі
    // Вестн. Полоц. гос. ун-та. Сер. А. Гуманитарные науки. – 2006. – № 7. – С. 25 – 33.
  3. Шыдлоўскі, С.А. Як бавіла час прывілеяванае саслоўе Беларусі ў першай палове ХІХ стагоддзя / С.А. Шыдлоўскі // Беларускі гіст. часопіс. – 2007. – № 7. – С. 27 – 34.
  4. Шыдлоўскі, С.А. Знешнія ўплывы ў фарміраванні матэрыяльнай культуры прывілеяваных саслоўяў Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя
    / С.А. Шыдлоўскі // Вестн. Полоц. гос. ун-та. Сер. А. Гуманитарные науки. – – № 1. – С. 83 – 90.

Артыкулы ў зборніках навуковых прац

  1. Шыдлоўскі, С.А. Шляхецкі этас у творах А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і
    Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня» / С.А. Шыдлоўскі // Acta albaruthenica: навук. зб. / пад агул. рэд. М. Хаўстовіча [і інш.]. – Вып. пяты. – Мінск: Права і эканоміка, 2005. – С. 177 – 181.
  2. Шыдлоўскі, С.А. Урбаністычны аспект культуры баў прывілеяванага саслоўя Беларусі ў першай палове ХІХ стагоддзя / С.А. Шыдлоўскі
    // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зб. навук. арт. / рэдкал.: І.П. Крэнь, І.В. Сарокіна [і інш.]. – Гродна : ГрДУ, 2007. –
    С. 285 – 288.

Матэрыялы канферэнцый

  1. Шыдлоўскі, С.А. Маёмасныя адносіны і ўлада ў шляхецкай і сялянскай сем’ях у Беларусі канца XVIII – пачатку ХІХ стагоддзя / С.А. Шыдлоўскі
    // Гендер и проблемы коммуникативного поведения: сб. материалов второй междунар. науч. конф. – Полоцк: Полоцк. гос. ун-т, 2005. – С. 49 – 50.
  2. Шыдлоўскі, С.А. «Тэатр гонару»: маскулінны аспект культуры паводзі-наў прадстаўнікоў прывілеяванага грамадства Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя / С.А. Шыдлоўскі // Гендер и проблемы коммуникативного поведения: сб. материалов третьей междунар. науч. конф. – Полоцк: Полоц. гос. ун-т, 2007. – С. 127 – 128.
  3. Шыдлоўскі, С.А. Пакаранне як метад выхавання маладых шляхціцаў у Беларусі першай паловы ХІХ ст. / С.А. Шыдлоўскі // Женщина. Общество. Образование: материалы 10-й междунар. междисципл. науч.-практ. конф., Минск, 14 – 15 дек. 2007 г. / сост. В.Е. Морозов. – Минск: ЖИ «Энвила», 2008. – С. 489 – 491.

 

РЭЗЮМЭ

 

Шыдлоўскі Сяргей Алегавіч

Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя

 

Ключавыя словы: культура прывілеяванага саслоўя, матэрыяльная, сацыяльная, духоўная культура, культура дваранства, культура духавенства.

Мэта даследавання – прасачыць эвалюцыю культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі на працягу першай паловы ХІХ стагоддзя.

Метады даследавання – структурна-функцыянальны і гістарычна-параўнальны метады, а таксама кампанентны аналіз.

Навуковая навізна вынікаў даследавання: упершыню ў айчыннай этналогіі праведзены комплексны аналіз культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя: сістэматызавана гістарыяграфія праблемы і крыніцы, прыцягнуты да этналагічнага вывучэння новыя пісьмовыя гістарычныя крыніцы ХІХ стагоддзя, прасочаны асноўныя тэндэнцыі ў развіцці матэрыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя і распрацавана яе перыядызацыя; вызначаны характар трансфармацыі традыцыйных культурных рысаў; вылучаны адаптацыйны працэс як адна з асноўных крыніц дынамікі ў культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя і вызначаны іх сацыякультурныя адаптацыйныя стратэгіі; абгрунтаваны наднацыянальны характар культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі азначанага перыяду.

Рэкамендацыі па выкарыстанні: вынікі даследавання могуць выкарыстоўвацца навуковымі ўстановамі, якія займаюцца вывучэннем традыцыйнай культуры беларускага этнасу, у вышэйшых навучальных установах для распрацоўкі спецкурсаў па этналогіі і гісторыі культуры Беларусі, у дзейнасці музейна-экскурсійных арганізацый.

 

РЕЗЮМЕ

 

Шидловский Сергей Олегович

Культура привилегированного сословия Беларуси первой половины ХІХ века

 

Ключевые слова: культура привилегированного сословия,  материальная, социальная, духовная культура, культура дворянства, культура духовенства.

Цель исследования проследить эволюцию культуры привилегиро-ванного сословия Беларуси на протяжении первой половины ХІХ столетия.

Методы исследования структурно-функциональный и историко-сравнительный методы, а также компонентный анализ.

Научная новизна итогов исследования: впервые в отечественной этнологии проведен комплексный анализ культуры привилегированного сословия Беларуси первой половины ХІХ столетия, систематизированы историография проблемы и источники, привлечены к этнологическому изучению новые письменные исторические источники ХІХ столетия, прослежены основные тенденции в развитии материальной культуры привилегированного сословия Беларуси первой половины ХІХ столетия и разработана ее периодизация; определен характер трансформации традиционных культурных черт; выделен адаптационный процесс в качестве одного из основных источников динамики в культуре привилегированного сословия Беларуси первой половины ХІХ столетия и определены его социокультурные адаптационные стратегии; обоснован наднациональный характер культуры привилегированного сословия Беларуси указанного периода.

Рекомендации по использованию: итоги исследования могут использоваться научными учреждениями, которые занимаются изучением традиционной культуры белорусского этноса, в высших учебных заведениях для разработки спецкурсов по этнологии и истории культуры Беларуси, в деятельности музейно-экскурсионных организаций. 

 

SUMMARY

 

Siarhei A. Shydlouski

The culture of the privileged estate in Belarus in the first half of the ХІХth of century

 

Key words: culture of the privileged estate, material, social, spiritual culture, culture of the nobility, culture of clergy.

Research objective to analyse the role of the privileged estate in ethnocultural process in Belarus in the first half ХІХth century.

Research methods structure functional and historical comparative methods, and also componential analysis.

Scientific novelty of research results: for the first time in national ethnology the complex analysis of the culture of the privileged estate in Belarus in the first half of the ХІХth century is carried out, the historiography of the problem and sources are systematised, new written historical sources of the ХІХth century are involved in ethnologic study, the structure of ethnocultural identity of the national privileged estate during the specified period is developed, peculiarities of innovative dynamics in the culture of privileged estate are revealed, adaptable strategies in the culture of the privileged estate in Belarus in the first half ХІХth century are defined.

Recommendations on the usage: research results can be used by scientific institutions which  deal with research of traditional culture of the Belarusian ethnos, in higher institutions for working out special courses on ethnology and cultural history of Belarus, in the activities of museum  and excursion organisations.

Связанные изображения:

Summary
Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя: аўтарэферат дысертацыі
Article Name
Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя: аўтарэферат дысертацыі
Description
Упершыню ў айчыннай этналогіі праведзены комплексны аналіз культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя: сістэматызавана гістарыяграфія праблемы і крыніцы, прыцягнуты да этналагічнага вывучэння новыя пісьмовыя гістарычныя крыніцы ХІХ стагоддзя, прасочаны асноўныя тэндэнцыі ў развіцці матэрыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя і распрацавана яе перыядызацыя; вызначаны характар трансфармацыі традыцыйных культурных рысаў; вылучаны адаптацыйны працэс як адна з асноўных крыніц дынамікі ў культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя і вызначаны іх сацыякультурныя адаптацыйныя стратэгіі; абгрунтаваны наднацыянальны характар культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі азначанага перыяду.
Author
Publisher Name
ДНУ «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі»
Publisher Logo