Сістэма рацыянальнага гаспадарання ў рабоце Ганны Цюндзявіцкай «Літоўская гаспадыня»
Шыдлоўскі, С.А. Сістэма рацыянальнага гаспадарання ў рабоце Ганны Цюндзявіцкай «Літоўская гаспадыня» / С.А. Шыдлоўскі // Вестник Полоцкого государственного университета: Серия А (гуманитарные науки). — 2013. — № 9. — С. 2—6.
СІСТЭМА РАЦЫЯНАЛЬНАГА ГАСПАДАРАННЯ Ў РАБОЦЕ Г. ЦЮНДЗЯВІЦКАЙ «ЛІТОЎСКАЯ ГАСПАДЫНЯ»
канд гіст. навук, дац. С.А. ШЫДЛОЎСКІ
(Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт)
Разглядаюцца прынцыпы і метады вядзення памешчыцкай гаспадаркі, якія выкладзены ў кнізе Ганны Цюндзявіцкай «Gospodyni litewska». Прасочваюцца замежныя тэарэтычныя ўплывы на фарміраванне айчыннай мадэлі рацыянальнага гаспадарання. Як крыніца магчымых канцэптуальных запазычанняў ў кнізе Г. Цюндзявіцкай разглядаецца праца Альбрэхта Тэера «Grundsätze der rationellen Landwirthschaft», тэарэтычныя падыходы «камеральных навук», а таксама вызначаюцца паралелі паміж развагамі аўтаркі «Gospodyni litewska» і работамі К. Кантрыма і Е. Тышкевіча. Раскрываюцца асноўныя прынцыпы арганізацыі працы ў памешчыцкім двары на падставе аналізу рэкамендацый Г. Цюндзявіцкай. Аналізуюцца элементы сістэмы ўліку і кантролю ў памешчыцкім маёнтку. Выяўляюцца асноўныя гаспадарчыя бакі функцыянавання памешчыцкай гаспадаркі. Вылучаюцца галоўныя віды працоўных зонаў на памешчыцкім двары, а таксама вызначаецца яго падзел на вытворчыя сектары. Абгрунтоўваецца ўтапічны характар мадэлі «ідэальнай гаспадаркі» Г. Цюндзявіцкай.
Уводзіны. Кніга Ганны Цюндзявіцкай (1803, Каралішчавічы, Мінскі павет —1850, Кішчына Слабада, Барысаўскі павет) «Gospodyni litewska czyli nauka utrzymywania porządnie domu…» (перш. выд. — Вільня, 1848) [1] з’яўляецца каштоўнай гістарычнай крыніцай, якая дазваляе выявіць узровень аграрных ведаў і рэканструяваць гаспадарчыя практыкі на беларускіх землях у першай палове ХІХ стагоддзя. Работа Г. Цюндзявіцкай не зрабілася пакуль аб’ектам вывучэння ў айчыннай навуцы. Інфармацыя аб дадзенай кнізе, якая бытуе ў беларускіх выданнях, носіць фрагментарны характар [2, 3]. Паўтараюцца пераважна звесткі, якія былі апублікаваныя Александрам Ельскім яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя [4; 5, s. 12—20].
А. Ельскі ведаў толькі шэсць польскамоўных выданняў «Gospodyni litewska» (1848, 1851, 1856, 1858, 1862, 1873). Аднак у 1914 годзе ў Вільне кніга Г. Цюндзявіцкай выйшла ў адзінаццаты раз [6]. Такім чынам «Gospodyni litewska» друкавалася на польскай мове ў 1848, 1851, 1856, 1858, 1862, 1873, 1876, 1882, 1888, 1897, 1914 гадах. Пачынаючы з трэцяга выдання (1856) кніга выходзіла ў дапрацаванай рэдакцыі, якая належала В. Завадскай. Варта таксама ўдакладніць, што рускамоўны пераклад кнігі быў зроблены з восьмага польскамоўнага выдання і быў апублікаваны ў 1884 годзе [7]. Такім чынам на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў кніга Г. Цюндзявіцкай захоўвала ўстойлівую папулярнасць і заставалася дзейсным фактарам, які ўплываў на фарміраванне ўяўленняў аб рацыянальным сельскім гаспадаранні ў асяроддзі мясцовага памеснага дваранства.
Асноўная частка. 3 40-х гадоў XIX ст. у Расійскай імперыі нарастаў крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы, які выявіўся ў значным зніжэнні прыбытковасці памешчыцкіх маёнткаў. Напярэдадні скасавання прыгоннага права памеснае дваранства Расійскай імперыі ў чаканні непазбежных зменаў усё часцей звяртала ўвагу на заходнееўрапейскі вопыт гаспадарання. Тэарэтычным увасабленнем апошняга з’яўлялася мадэль рацыянальнай сельскай гаспадаркі. Канцэпцыя рацыянальнага вядзення сельскай гаспадаркі атрымала прызнанне дзякуючы кнізе Альбрэхта Тэера (1752—1828) «Grundsätze der rationellen Landwirthschaft» [8] («Асновы рацыянальнай сельскай гаспадаркі», у 4 т., 1809–1812; рус. пер. выйшаў у 1830—1835 гг. [9]). «Асновы рацыянальнай сельскай гаспадаркі» і іншыя работы А. Тэера аператыўна перакладаліся на еўрапейскія мовы, іх ведалі і польскамоўныя чытачы. Можна меркаваць, што Г. Цюндзявіцкая з першакрыніц або ў адаптаваным выглядзе [10, 11] сутыкалася з канцэпцыяй «рацыянальнай гаспадаркі» А. Тэера.
Сам нямецкі вучоны адшукаў крыніцу свайго тэарэтычнага натхнення, вывучаючы англійскі вопыт гаспадарання. Працэс рацыяналізацыі сельскагаспадарчай дзейнасці паводле А. Тэера меў на мэце максімалізацыю прыбытку. Апошняе дасягалася шляхам механізацыі сельскагаспадарчай працы, увядзення шматпольнага севазвароту, селекцыйнай работы, абнаўлення агранамічных тэхналогій. Значнае месца ў рабоце А. Тэера займае вучэнне аб кіраванні гаспадаркай.
У кнізе Г. Цюндзявіцкай таксама выразна прысутнічае клопат аб рэнтабельнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. Напрыклад, у «Літоўскай гаспадыні» папулярызуецца ідэя дакладнага ўліку расходу кармоў па катэгорыям якасці, гаворыцца аб неабходнасці асобнага ўліку вячэрніх і ранішніх надояў, разглядаецца праблема планавання прыбытку і ўвязвання аплаты работнікам з агульнай рэнтабельнасцю малочнай прадукцыі. Так, аўтарка раіць дакладна падлічваць прыбытак гаспадаркі ад кожнай каровы і на аснове агульнага прыбытку разлічвацца са сваімі слугамі [12, s. 328]. Аднак імкненне дасягнення максімальнай эканоміі ў Г. Цюндзявіцкай часам ідзе на шкоду элементарнай асцярожнасці. Напрыклад, аўтарка дапускае выкарыстанне скур здохлай ад эпідэмічных захворванняў жывёлы нават з наяўнасцю вонкавых адзнак паражэння пры ўмове, што скуры будуць вымачаныя ў салёнай вадзе з галынам і прасушаныя на вольным паветры [12, s. 41].
З першых старонак «Літоўскай гаспадыні» у цэнтры ўвагі Г. Цюндзявіцкай знаходзіцца канцэпцыя «парадку». Ідэальная гаспадарка, якая паўстае на старонках кнігі Г. Цюндзявіцкай, выглядае зменшанай копіяй «рэгулярнай» дзяржавы, мадэль якой была выпрацавана ў нетрах «камеральных навук» інтэлектуальнымі коламі Заходняй Еўропы эпохі Асветніцтва. Паводле высноваў нямецкага філосафа Хрысціана Вольфа, аднаго з ідэолагаў «рэгулярнай» дзяржавы, улада абавязана рэгламентаваць усе бакі жыцця грамадзян: прымушаць іх працаваць; рэгуляваць заработную плату, умовы працы, падтрымліваць правапарадак і маральнасць. Дадзеныя функцыі ў межах свайго зямельнага валодання ставіць у абавязак памешчыку і Г. Цюндзявіцкая [12, s. 1].
Вялікае значэнне Г. Цюндзявіцкая надавала пытанню арганізацыі працы ў памешчыцкім двары. Важны элемент парадку на двары — забеспячэнне пажарнай бяспекі. Дзеля мэтаў пажарнай бяспекі рэкамендавалася сачыць, каб персанал не курыў у гаспадарчых памяшканнях, у начны час для асвятлення раілася ўжываць закрытыя ліхтары [12, s. 32]. Аўтар вызначае асноўныя віды працоўных зонаў на памешчыцкім двары, сярод якіх называе жывёльны двор (хлявы, птушнікі), гумно, кухню, пакоі (буфет, гаспадарскія і гасцявыя апартаменты, гардэробная). Умоўна іх можна падзяліць на вытворчы сектар: зоны адкорму і ўтрымання хатняй жывёлы; перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны; захоўвання гатовай прадукцыі і паўфабрыкатаў; кухню, а таксама жылы сектар: панскія пакоі, памяшканні для прыслугі. Для кожнай рабочай зоны вызначаюцца прынцыпы арганізацыі работы (асноўныя віды работы, наменклатура работнікаў, рыштунак, санітарна-гігіенічны рэжым). За кожны ўчастак работы персанальную адказнасць нёс спецыяльна вызначаны работнік [12, s. 1—7].
Аўтарка «Літоўскай гаспадыні» асаблівую ўвагу звяртала на неабходнасць увядзення ў паўсядзённую гаспадарчую дзейнасць памешчыцкай гаспадаркі дакладнай сістэмы ўліку і кантролю. Менавіта ўлік і кантроль з’яўляюцца на думку Г. Цюндзявіцкай асновай парадку. Кантроль меў на ўвазе праверку паўнаты і дакладнасці выканання работнікамі сфармуляваных гаспадаром абавязкаў. Кожны работнік мусіў мець дакладна акрэсленае кола абавязкаў. Работнікі асабіста дакладвалі аб становішчы на даручаным ім участку гаспадару. Кантроль за работнікамі ажыццяўляўся як эканомам, так і самім гаспадаром. Напрыклад, Г. Цюндзявіцкая раіла штодня патрабаваць ад пастухоў разгорнутага дакладу аб здароўі жывёлы [12, s. 31].
Г. Цюндзявіцкая рэкамендавала гаспадарам маёнтку двойчы на дзень, абавязкова кожны раз у розны час, рабіць агляд усіх рабочых месцаў. Штогод на жывёльным двары рэкамендавалася рабіць перапіс скаціны. У спецыяльным рэестры трэба было адзначаць узрост кожнай жывёлы і яе прадукцыйнасць. Непрадукцыйных жывёл раілася адбракоўваць на зарэз або прадаваць. Найлепшыя жывёлы падбіраліся для злучкі, каб палепшыць якасць статку. Летам рэкамендавалася штодня падлічваць колькасць птушкі і быдла, якое вярталася ў двор з поля. Увесь інвентар мусіў перапісвацца, пазначацца клеймамі і замацоўвацца за асобнымі работнікамі. Гаспадар павінен быў рэгулярна правяраць наяўнасць інвентару па спісе. Падкрэслівалася неабходнасць захоўвання інвентару ў дакладна вызначаным для яго месцы. Інвентар мусіў быць спраўным, тое, што не выкарыстоўвалася, мусіла захоўвацца ў ахайнасці. Рэкамендавалася рэгулярна кантралявалася якасць прыгатаванай для работнікаў ежы — яе смакавыя якасці і наяўнасць усіх прадуктаў у вызначанай гаспадаром колькасці [12, s. 15—18].
Г. Цюндзявіцкая выступала папулярызатарам перадавых агратэхналогій. Так, яна пісала аб карысці травасеяння, заклікала пашыраць пасевы канюшыны, люцэрны, вікі [12, s. 28]. Сугучныя думкі мы знаходзім у працы Е. Тышкевіча «Opisanie powiatu borysowskiego» [14, s. 176—177] і І. Крашэўскага «Wspomnienia Polesia» [15, s. 70].
Аўтарка прызнае перавагу замежнай племянной хатняй жывёлы, аднак папярэджвае гаспадароў ад залішніх выдаткаў на заморскае быдла. Апошняе, на думку Г. Цюндзявіцкай, патрабуе больш кваліфікаванага догляду, яно таксама горш пераносяць мясцовы клімат. Аптымальным аўтар лічыць набыццё племянных замежных жывёл толькі ў мэтах паляпшэння мясцовай пароды і адгаворвае сваіх чытачоў ад ідэі заводзіць пародзісты замежны статак [12, s. 20]. Скептычна Г. Цюндзявіцкая ставіцца таксама да ідэі адкорму валоў на мяса, сцвярджаючы, што падобнае мяса абыходзіцца вельмі дорага [12, s. 31]. І па пытанню ўтрымання племяннога замежнага ската, і па пытанню адкорму валоў на мяса Г. Цюндзявіцкая ў сваім меркаванні супадае з высновамі К. Кантрыма. Верагодна, тут магчымы прамы ўплыў апошняга, бо яго работа «Podróż Kontryma» была выдадзена яшчэ ў 1829 годзе [13].
Г. Цюндзявіцкая побач з «навуковымі» метадамі арганізацыі працы выкарыстоўвае таксама і «дзедаўскія» спосабы, апрабаваныя асабіста ёй на практыцы. Так, яна раіць заквашваць буракі ў апошнюю фазу месяца, капусту шаткаваць у маладзік, бо «капуста, пастаўленая ў маладзік, цвёрдая і хрумсціць» [12, s. 223]. Аўтар «Літоўскай гаспадыні» часам спасылаецца і на сялянскі вопыт. Па яе словах, «сяляне часам маюць правільныя назіранні за рэчамі, што іх датычацца» [12, s.. 91]. Як прыклад падобнай сялянскай мудрасці Г. Цюндзявіцкая прыводзіць традыцыю, паводле якой кабаноў ніколі не калолі ў маладзік і ў трэцюю квадру месяца [12, s. 71]. Звяртаецца аўтарка і да парадаў, якія публікаваліся ў папулярных газетах. Напрыклад, яна цытуе рэцэпты, што рэкламаваліся ў «Земляробчай газеце Варшаўскай» [12, s. 45].
Аўтарка настойліва ўказвае на неабходнасць прытрымлівацца ў гаспадарцы і побыце высокіх санітарна-гігіенічных стандартаў. Апошняе, на думку Г. Цюндзявіцкай, служыць мэтам эканоміі, бо бруд прыводзіць да захворванняў жывёлы і людзей, псавання сельскагаспадарчай сыравіны, харчовых прадуктаў і вопраткі. Па словах Г. Цюндзявіцкай, «важнейшая ўмова паспяховага гадавання быдла — чысціня і здаровае паветра» [12, s. 21]. Так, узорнае з пункту гледжання гігіены памяшканне, паводле Г. Цюндзявіцкай, з’яўляецца светлым, пастаўленым на высокім і сухім месцы, на падмурку, са сцёкам для экскрэментаў, далей ад стаячай вады, з выцяжкай, са свежым падсцілам з хваёвых ці ядлоўцавых лапак, а таксама верасу [12, s. 21—22].
Асаблівай ахайнасці, на думку аўтаркі, вымагала ўтрыманне малочнай гаспадаркі. Кароў і цялят аўтар рэкамендавала мыць праз два-тры дні. Летам жывёлу прапаноўвалася адзін-два разы на дзень купаць (пасля паўдня). Аўтар рэкамендуе патрабаваць ад работнікаў, каб яны хадзілі кожную суботу ў лазню, летам акрамя таго купаліся ў рэчцы, і як мага часта мянялі бялізну і вопратку [12, s. 21—24].
Смецце, гной з хлявоў і птушнікаў рэкамендавалася вывозіць у спецыяльна ўладкаваную яму. Аўтарка раіла мыць сцены памяшканняў, дзе ўтрымліваецца хатняя жывёла, а таксама трымаць у аборах пучкі пахучых горкіх траў (палыну, чабору, мяты, палыну, мацярдушкі, ізопа, руты, святаянніку, часнаку, багуну, дзягілю, папараці), садзіць каля кароўніка таполі, бяліць сцены вапнай і намазваць іх дзёгцем, лугам ці водарным воцатам (воцатам, настоеным на разнастайных травах), а ясельныя краты націраць воцатам з часнаком і цыбуляй. Вясной і восенню аборы рэкамендавалася штодзённа абмываць воцатам, настоеным на аеру, чаборы, руце, мяце, часнаку і ядлоўцавых ягадах. З асцярогай Г. Цюндзявіцкая раіла практыкаваць абкурванне памяшканняў смалой ці ядлоўцам на вуглях. Ясельныя краты і іншае драўлянае начынне раілася вышпарваць не радзей аднаго разу на тыдзень [12, s. 21—23]. Рэкамендавалася паіць жывёлу чыстай вадой і даваць якасны корм у належным аб’ёме, бо «гной ад галоднай жывёлы мае менш карысных рэчываў», галодная жывёла таксама часцей хварэе [12, s. 25].
Хвароба ў скаціны магла здарацца, на думку Г. Цюндзявіцкай, ад псавання крыві, дурнога настрою, кепскага харчавання, бруду і спёртага паветра. Як адзін са спосабаў пазбегнуць распаўсюджвання эпідэмічных хваробаў у хатнім статку Г. Цюндзявіцкая прапануе ўтрыманне жывёлы ў лесе на час эпідэміі. Месца, дзе будзе ўтрымлівацца скаціна, аўтарка прапануе абкурваць дымам з хваёвых, яловых і ядлоўцавых лапак [12, s. 41—42]. Сродкамі прафілактыкі аўтарка лічыць соль, вугаль, парашок ядлоўца, селядзец ці кіслы агурок, вымачаны ў дзёгці, сумесь смалы, часнаку, рамонку, белакапытніку, ядлоўца, хрэну і дзягілю [12, s. 46].
Для жывёл, якія захварэлі, Г. Цюндзявіцкая рэкамендавала завесці асобны хлеў. Аўтарка раіла таксама выкарыстоўваць розны персанал для здаровых і хворых жывёл, утылізаваць гной і кроў (спальваць ці закапваць у далёкім месцы). Здохлых жывёл таксама рэкамендавалася глыбока закапваць — «на два-тры локця» [12, s. 42]. Вопратку абслугоўваючага персаналу трэба было абкурваць ядлоўцавым дымам і некалькі дзён праветрываць перад тым, як ісці да здаровых жывёл. Медыцынскія маніпуляцыі з хворай скацінай рэкамендавалася выконваць у спецыяльных пальчатках, каб пазбегнуць «атручвання» [12, s. 47]. Посуд, інструменты, якія мелі кантакт з хворай жывёлай, рэкамендавалася вышпарваць і вымываць лугам, праветрываць, а потым націраць усярэдзіне і звонку часнаком з водарным воцатам. Паветра аборы, на думку Г. Цюндзявіцкай, можна было ачысціць, калі абкурваць яго дымам ад спальвання ягад ядлоўца, хваёвых і яловых галінак, кавалкаў смалы [12, s. 40].
Надзвычай дзейсным сродкам пры шэрагу заразных хваробаў жывёлы аўтарка «Літоўскай гаспадыні» лічыць кровапусканне (ад васьмі да дванаццаці літраў), абліванне вадой, дрэнаж скуры (працягванне праз скуру шнуркоў, вымачаных у шкіпінары), слабіцельнае, ахаладжальнае, умацавальнае і патагоннае піццё (сярод інгрэдыентаў рознага роду піцця фігуруюць купарвас, воцат, салетра, нашатыр, віннакаменная кіслата, селядзец, глаўберава соль, разнастайная раслінная сыравіна) [12, s. 47—49].
Заключэнне. Рацыянальная арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці мае на мэце дасягнення рэнтабельнасці і стабільнага прыбытку. Дасягненню дадзенай мэты павінны былі служыць і парады, сабраныя ў кнізе Г. Цюндзявіцкай «Літоўская гаспадыня». Гэтая работа стваралася ў часы прыгону і засноўвалася на вопыце выкарыстання асабіста залежнага эканамічна нематываванага ў выніках сваёй працы сялянства. Адсюль падвышаная заклапочанасць аўтаркі пытаннямі кантролю за выкананнем гаспадарчых работ. Патрэба кантролю засноўваецца ў Г. Цюндзявіцкай на прынцыпе «прэзумпцыі вінаватасці» прыгоннага работніка. Падразумявалася, што чэлядзь крадзе, псуе інвентар, адносіцца да сваіх абавязкаў нядобрасумленна, утойвае праўду, не ўмее і не хоча працаваць, «дзейнічае машынальна».
Прыгонная сістэма сваімі сутнаснымі характарыстыкамі дэвальвавала спробы рэарганізацыі сельскай гаспадаркі на прынцыпах рацыянальнасці. Арганізацыя працы прыгонных, прапанаваная Г. Цюндзявіцкай, толькі ў нязначнай ступені прадугледжвае матэрыяльнае стымуляванне. Аднім з нешматлікіх сведчанняў дбання аб дабрабыце прыгонных можа з’яўляецца парада Г. Цюндзявіцкай правяраць якасць прыгатаваных для работнікаў страў, але ў падставе дадзенай парады ляжала хутчэй гледзішча прадухілення крадзяжу панскіх прадуктаў на кухні. Пэўны элемент салідарнасці з сялянствам можна ўгледзіць у парадзе аўтаркі пачынаць кожны дзень з агульнай малітвы паноў і чэлядзі. Аднак і ў гэтай парадзе выяўляецца пэўны разлік — неабходнасць прыбыцця на агульную малітву гарантуе збор усіх работнікаў у дакладна вызначаны час, пасля малітвы работнікі атрымліваюць заданні на новы рабочы дзень.
Працоўныя адносіны ў прапанаванай Г. Цюндзявіцкай мадэлі сельскай гаспадаркі трымаліся на дробязнай рэгламентацыі як мага большага колу працоўных аперацый і на татальным кантролю. Падобны падыход вымагаў асабістай штодзённай заангажаванасці гаспадара ва ўсе гаспадарчыя і вітальныя працэсы маёнтка, прадуманай і разгалінаванай сістэмы ўліку і разліку. Падразумявалася, што пані дасканала ведае кожную тэхналагічную аперацыю і дакладна прагназуе вынік любога дзеяння. Г. Цюндзявіцкая, такім чынам, намячае вобраз ідэальнага з яе пункту гледжання гаспадара, які наўрад ці мог сфарміравацца у тагачасным прывілеяваным грамадстве, тым больш у масавым парадку. У адваротным выпадку феадальная гаспадарка не прайгралі б у выніку гаспадарцы, заснаванай на прынцыпах буржуазнай рацыянальнасці.
ЛІТАРАТУРА
THE SYSTEM OF GOOD HOUSEKEEPING IN THE WORKS BY H. TSYUNDYAVITSKAYA «LITHUANIAN MISTRESS»
S. SHYDLOUSKI
Discusses the principles and methods of the landlord economy, as set out in the book by H. Tsyundyavitskaya «Gospodyni litewska». Traces of foreign influence on the theoretical model of the formation of the national good housekeeping. As a source of possible conceptual borrowing in the book by H. Tsyundyavitskaya examines the work of Albrecht Thaer «Grundsätze der rationellen Landwirthschaft», theoretical approaches «cameral sciences», and identifies parallels between the author's reasoning «Gospodyni litewska» and works by K. Kantrym and E. Tyshkevich. Reveals the basic principles of the organization of work in the landlords' courts on the basis of the recommendations of the analysis H. Tsyundyavitskaya. Analyzes the elements of the system of accounting and control in the estates. Identifies the main economic aspects of the functioning of landlord economy. Stresses the main types of work zones on the landed yards, and is defined by its division into productive sectors. Substantiates the utopian model of «perfect economy» H. Tsyundyavitskaya.