«Тэатр гонару» : маскулінны аспект культуры паводзін прадстаўнікоў прывілеяванага грамадства Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя
Шыдлоўскі, С.А. «Тэатр гонару» : маскулінны аспект культуры паводзін прадстаўнікоў прывілеяванага грамадства Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя / С.А. Шыдлоўскі // Гендер и проблемы коммуникативного поведения : Сборник материалов третьей международной научной конференции. — Полоцк : Полоцкий государственный университет, 2007. — С. 127—128.
«ТЭАТР ГОНАРУ»: МАСКУЛІННЫ АСПЕКТ КУЛЬТУРЫ ПАВОДЗІН ПРАДСТАЎНІКОЎ ПРЫВІЛЕЯВАНАГА ГРАМАДСТВА БЕЛАРУСІ ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ
С.А. Шыдлоўскі
Паводзіны індывіда ў дваранскім асяродку карэктаваліся ўяўленнем пра родава–сямейную годнасць. У сям’і малодшыя мусілі падпарадкоўвацца старэйшым, браты апекаваліся сёстрамі. Павага да старэйшых, у асобе якіх услаўляўся культ роду, традыцыі, мела рытуалізаваныя формы. Напрыклад, у таварыстве дарослых моладзь не садзілася ў фатэлі ці на канапу, а толькі на крэслы. Захоўвалася завядзёнка падаць у ногі бацькам, навогул, старэйшым пры сустрэчы пасля доўгай адсутнасці [1, s. 322]. Пачынаючы з сямейных стасункаў шляхціц быў улучаны ў варункі іерархічных адносінаў. Іерархію падкрэслівае складаная сістэма сацыяльнага рытуалу, што вызначае парадак вітання, называння, шэсця, месца шляхціца за сталом і г. д. Крытэрам былі – узрост, заможнасць, радавітасць, сувязі, пасада. Заходнееўрапейскую ганаровую тытулатуру тутэйшай шляхце замянялі назовы шляхецкіх урадаў у колішнім ВКЛ – "кашталян", "возны", "харужы" і да таго падобнага. Разам з тым дэкларуецца роўнасць шляхты. Другім бокам іерархічнасці шляхецкага грамадства з'яўляецца спаборнасць – канкурэнцыя, што выяўлялася ў вызначэнні лепшага, здатнейшага – на паляванні, у бойках, п'янках. Канфлікты шляхта схільная была развязваць сілай, але, з другога боку, гэтыя збройныя сутычкі выглядаюць як рытуальнае тэатралізаванае відовішча. Дыхтоўная вопратка, зброя, конская і сабачая збруя, бяседны стол — закліканыя рэпрэзентаваць не столькі багацце, колькі веліч і старажытнасць роду, цануюцца рэчы "з гісторыяй". Адсюль пагарда да ашчаднасці. Шчодрасць, гасціннасць – адзнака шляхетнасці.
У жыцці шляхціца прасочваецца элемент гульні. Ён рэфлексуе над тым, што значыць быць шляхціцам, наколькі ён рыцар. За ўзор бяруцца старажытныя постаці, рыцарскія ўчынкі ранейшых часоў. Шляхціц увесь час пачуваецца пад пагрозай выкрыцця законнасці сваіх шляхетных прэтэнзій, і нібыта паглядае на сябе збоку ў люстэрка мінулага. Адсюль спрэчкі пра навіцыяцкія гербы і праўдзівыя спосабы палявання, адсюль крыза сацыяльна-культурнай ідэнтычнасці.
Барочны тып паводзін, які захоўваўся сярод правінцыйнай шляхты і чынавенства, вымагаў экспрэсіі, тэатральнасці і спантаннасці. Такі дэманстратыўны спосаб самапрэзентацыі можна патлумачыць патрэбай дробнага шляхецтва заявіць аб сваім сацыяльным статусе ва ўмовах страты эканамічнай і палітычнай вагі дадзенай групы ў грамадстве [2, с. 126]. Цанавалася рыцарская маладзецтва, якое магло выяўляцца ў самых разнастайных сітуацыях, але перадусім — за бяседным сталом. У мужчынскай кампаніі дзесь у шынку бутэлькі шампанскага адкрываліся не інакш як адбіваннем рыльца бутэлькі аб стол [3, с. 99].
Старашляхецкая галантнасць вызначалася тэатралізаваным жэстам. Напрыклад, у першай палове ХІХ стагоддзя заставалася актуальнай завядзёнка піць за здароўе жанчын з іх чаравікоў [4, s. 15]. Пры гэтай імпрэзе хлопчыкам маглі прапанаваць цалаваць паненкам ногі [5, s. 215]. Галантныя адносіны распаўсюджваліся толькі на асоб дваранскага паходжання. У дачыненні сялянак і прадстаўніц іншых ніжэйшых станаў шляхцюкі ўжывалі гвалт. Яўрэйскія сем’і, напрыклад, наўмысна апраналі сваіх дачок ў лахманы, каб тыя не прыйшліся часам да густу пану.
Важнай свецкай якасцю было ўменне падабацца. Яго складалі такія рысы як нязмушанасць, гасціннасць, далікатнасць, сардэчнасць, асвечанасць, адсутнасць рутыннага наследавання этыкету, роўны і вясёлы нораў, іншымі словамі, тыя маркеры, якія сведчылі пра вытанчанае арыстакратычнае выхаванне.
Стрыжнем культуры паводзін прывілеяванага грамадства з'яўлялася паняцце асабістай годнасці [6, с. 175]. Кодэкс гонару мусіў акрэсліваць вядучую маральную ролю шляхты ў грамадстве і абмежоўваць памкненні іншых саслоўяў на прасоўванне ў сацыяльнай іерархіі. Ва ўмовах адаптацыі да сацыяльных нормаў і традыцый расійскага грамадства і разбору шляхты носьбіты “сармацкага” этасу асабліва востра адчувалі неабходнасць у падкрэсленні свайго статусу. Адсюль высокая ступеня дэманстратыўнасці і акцэнтавання азнакаў сваёй саслоўнай апрычонасці, гіпертрафіраваны “тэатр гонару”, уласцівы для мясцовай шляхты. Апошняе прыводзіла да таго, што гонар падмяняўся ганарлівасцю і фанабэрыяй. Асабліва гэта датычыць дробнай шляхты, прадстаўнікі якой мусілі даводзіць сваю сацыяльную апрычонасць ня толькі сялянству, але і чальцам больш заможных і асвечаных колаў.
Гарантыяй асабістай годнасці шляхціца з’яўлялася яго гатоўнасць абараняць свой гонар, у тым ліку і са зброяй у руках. Хоць у асяродку русінскай знаці традыцыя “выкліку на поле” была вядома яшчэ ў эпоху ранняга Сярэднявечча [7, с. 76], за часамі існавання Рэчы Паспалітай інстытут двубою не зрабіўся дзейсным сродкам абароны асабістай годнасці ліцвінскага шляхціца. Дуэль была распаўсюджана пераважна ў арыстакратычным вайсковым асяродку. Магнаты не лічылі паноў сярэдняй заможнасці роўнымі сабе, і часцяком адмаўлялі ім у двубоі. Сваю годнасць шляхціц мог бараніць толькі праз суд, што і было шырока распаўсюджана ў грамадстве колішняй Рэчы Паспалітай. Але выракі судоў з-за слабасці цэнтральнай улады мусілі прыводзіць у дзеянне часцяком самі пацярпелыя. Адсюль распаўсюджанасць такой завядзёнкі як шляхецкі наезд — збройны напад пацярпелага з сябрамі на паселішча крыўдзіцеля [8, с. 81]. Такім чынам, абарона асабістага гонару ва ўмовах колішняй Рэчы Паспалітай рабілася справай роду, клану, суседства. Толькі салідарны адпор, падтрымка групы родных, сяброў, суседзяў ці магнацкай партыі забяспечвала беларускаму шляхціцу нейкія гарантыя абароны асабістай годнасці. Матэрыяльная залежнасць шляхецтва ад магнатэрыі, адсутнасць у яе часцяком зямельнай маёмасці таксама не спрыяла развіццю пачуцця незалежнасці.
Ваяўнічыя традыцыі шляхты, завядзёнка боек на шаблях у шынках і да таго падобнага ставілі на мэту не столькі абарону ўласнай годнасці, колькі знявагу праціўніка. У такіх бойках не датрымліваліся дуэльных правілаў, уважалася, напрыклад, ганаровым адцяць вушы ці кончык носу праціўніка.
Як згадваў сучаснік: “Страляліся надзвычай рэдка; але секліся за ўсялякую дробязь, за што цяпер і не зморшчыцца. А пасля такіх дуэляў звычайна наступала міравая, потым баляванне і сяброўства” [7, с. 77].
Двубой у заходнееўрапейскім разуменні дадзенага панятку пачаў распаўсюджвацца на землях колішняй Рэчы Паспалітай досыць позна, калі прадстаўнікі тутэйшай шляхты разам са службай у расійскім войску і ў напалеонаўскіх шыхтах пачала прызвычайвацца да еўрапейскага вайсковага кодэксу гонару.
Незвычайнай для еўрапейскага рыцарскага этасу з’яўлялася завядзёнка цялесных пакаранняў прадстаўнікоў прывілеяваных саслоўяў у былой Рэчы Паспалітай. Гэта рэгулярна здаралася з тымі, хто служыў на панскіх дварах, то бок з прадстаўнікамі дробнага шляхецтва. За найменьшую правіну літоўскага шляхціча лупцавалі розгамі, але не інакш як на дыване ці падушцы [8, с. 60]. У Расійскай імперыі дваране былі вызваленыя ад цялесных пакаранняў [9, с. 559]. Але выпадкі самасуду з лупцоўкай у шляхецкім асяродку сустракаліся і на пачатку ХІХ стагоддзя. У традыцыях літоўскай шляхты прымяненне дадзенай экзекуцыі дапускалася нават у дачыненні шляхцянак [10, с. 175]. Годнасці літоўскага шляхціца не замінала таксама служба ў магната на абслугоўваючых пасадах, што таксама адрознівала мясцовы дваранскі этас ад еўрапейскіх рыцарскіх узораў.
Такім чынам, культура паводзін ніжэйшых станаў прывілеяванага саслоўя Беларусі на працягу першай паловы ХІХ стагоддзя працягвала захоўваць “сармацкі” — барочны — характар і стылістыку. Апошні пераасэнсоўваўся ідэолагамі рамантычнай школы як канон нацыянальнага стылю. Арыентацыя ўплывовай часткі магнатэрыі на грамадскія рэформы ў духу Асветніцтва выклікала ідэйную атаку на падобную трактоўку нацыянальнага саслоўнага ідэалу. Дадзеную лінію па іншых палітычных меркаваннях праводзілі і расійскія грамадска-палітычныя колы. У выніку вобраз шляхціца–“сармата” набыў у грамадскай свядомасці карыкатурныя абрысы рэтраграда і “мужлана”.
Літаратура
Связанные изображения:

