Уласныя імёны ў кнізе Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня», як крыніца рэканструкцыі этнічнай карціны свету прывілеяванага саслоўя беларускага Падзвіння ў першай палове ХІХ ст.
Шыдлоўскі, С.А. Уласныя імёны ў кнізе Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня», як крыніца рэканструкцыі этнічнай карціны свету прывілеяванага саслоўя беларускага Падзвіння ў першай палове ХІХ ст. / С.А. Шыдлоўскі // Беларускае Падзвінне : вопыт, методыка і вынікі палявых даследаванняў (да 80-годдзя пачатку археалагічных раскопак у г. Полацку) : зб. навук. прац рэсп. навук.-практ. семінара, Полацк, 20—21 лістап. 2008 г. / пад агул. рэд. Д.У. Дука, У.А. Лобача. — Наваполацк : ПДУ, 2009. — С. 287—290.
УЛАСНЫЯ ІМЁНЫ Ў КНІЗЕ Я. БАРШЧЭЎСКАГА "ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ", ЯК КРЫНІЦА РЭКАНСТРУКЦЫІ ЭТНІЧНАЙ КАРЦІНЫ СВЕТУ ПРЫВІЛЕЯВАНАГА САСЛОЎЯ БЕЛАРУСКАГА ПАДЗВІННЯ Ў ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХІХ СТ.
С.А. Шыдлоўскі
(Полацкі дзяржаўны універсітэт)
У артыкуле праводзiцца класiфiкацыя тыпаў уласных имёнаў у кнізе Я. Баршчэўска "Шляхціц Завальня" i частотны аналiз iх выкарыстання.
Пад тэрмінам "этнічная карціна свету" разумеецца пэўная "міфалагема рэальнасці", якая фарміруе логіку адаптацыйных паводзінаў этнасу, або, у нашым выпадку, часткі этнасу — традыцыйнага прывілеяванага саслоўяў Беларускага Падзвіння. Карціна свету асэнсоўваецца яе носьбітамі часткова і фрагментарна, яна не дадзена ў пэўнай лагічнай цэласнасці, тым больш, у гатовым тэксце [1, с. 222]. Узнавіць падобныя ўяўленні магчыма карыстаючыся ўскоснымі звесткамі і крыніцамі, да якіх можна аднесці і ўласныя імёны, што выяўляюць пэўную "прыродна-ландшафтную, гісторыка-культурную і гаспадарчую лакальную спецыфіку" [2, с. 2].
Уласныя імёны людзей і звышнатуральных істот, якія сустракаюцца ў кнізе Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня", можна ўмоўна падзяліць на некалькі груп. Па-першае, гэта беларускія міфалагічныя імёны. Персанажаў, якія яны пазначаюць, налічваецца 26. Сярод іх вылучаюцца легендарныя героі (5 персанажаў — Княжа, Цярэшка, князь Бой, пан Твардоўскі, дзяўчына Ганна) і звышнатуральныя істоты (21 —Купала, Вужыны Кароль, Варгін, Будзімір, Паднор, Пруд, Дубіна, Гарыня, Чур, сабакі Стаўры і Гаўры, Пярун, Баба Яга, і восем цыганскіх духаў — Нікітрон, Ярон, Ірон, Кітрон, Фараон, Фаразон, Сталідон, Лідон). Фігуруюць у тэксце таксама русалкі, ваўкалакі, цмокі, чума, трасца або фебра, лесуны (Лясны Бог), вадзянік, хляўнік, дамавік, волат і вупыр. Збольшага гэтыя імёны ўзыходзяць да язычніцкага пласту беларускай традыцыйнай свядомасці, агульнай, відавочна, і для сялянства, і для прадстаўнікоў ніжэйшага дваранства. Суіснаванне язычніцкіх і хрысціянскіх элементаў — вынік гістарычнага кампрамісу на беларускіх землях паміж язычніцтвам і хрысціянствам. Апошняе ў абмен на нябесны прастол пакінула мясцовым язычніцкім духам — зямлю, ландшафт.
Антычных уласных імёнаў у кнізе налічваецца 27 адзінак. Сярод іх можна вылучыць імёны гістарычных асобаў (7 — Аляксандр Македонскі, Гамер, Вергілій, цар Спарты Леанід, Цыцэрон, Гарацый, Цэзар), міфічных герояў (12 — Парыс, Уліс, Цырцэя, Цыклоп, Эней, Прока, Амулій, Нумітор, Рэя Сільвія, Ромул, Рэм, Фаустул) і язычніцкіх багоў (8 — Фартуна, Апалон, Трытон, Нептун, Амфітрыта, Марс, Акіян, Венера). Наменклатуру грэка-рымскіх імёнаў можна пашырыць з улікам безназоўных німф, сатыраў, муз, купідонаў і вясталак. Досыць прадстаўнічая група антычных уласных імёнаў сведчыць аб класічным характары адукацыі, якую атрымаў Я. Баршчэўскі ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Свабоднае валоданне дадзеным інфармацыйным пластом мусіла дэманстраваць адукаванасць як аўтара тэксту, так і героя-апавядальніка, легітыміравала аўтарскія амбіцыі і падвышала апавядальніцкі прэстыж у вачах правінцыйнага шляхецкага грамадства. З боку апошняга веды гэтыя аднак не выклікалі асаблівага эмацыйнага водгуку. Так, шляхціца Завальню змарыў сон пакуль пляменнік Янка пераказваў сюжэты грэка-рымскай міфалогіі. Яшчэ адзін высокаадукаваны выхаванец езуітаў арганіст з Расонаў, запэўніўшы грамадства ў тым, што ведае на памяць тэксты Цыцэрона і Гарацыя, прызнае, што ўсё гэта vanitas vanitatis (марнасць марнасцяў) [3, с. 148].
Наступная група уласных імёнаў у тэксце "Шляхціц Завальня" — гэта імёны, якія адносяцца да хрысціянскай рэлігійнай традыцыі. Нягледзячы на высокую частотнасць згадвання хрысціянскіх імёнаў (гэта пераважна звароты да Бога, Айца і Сына, а таксама найсвяцейшай Маці, кшталту, "з Богам", "дзякуй Богу", "Божа", "Божы"), сама іх наменклатура досыць сціплая. Налічваецца каля 20 персанажаў, з улікам імён, што згадваюцца ў звязку са святамі ці назвамі ікон, малітваў і касцёлаў (гэта Бог–Айцец, Ісус, Матка Божая, св. Пётр, Тры вешчуны, Адам, Ева, Каін, св. Ян, св. Ксаверы, св. Казімір, св. Стафан, св. Сафія, св. Барыс і Глеб, Ігнацы Лаёла, Абрам, д'ябал). Аднак пэўныя хрысціянскія імёны маюць вялікую колькасць варыянтаў (гэта датычыць перадусім упамінанняў у тэксце Бога–Айца, Ісуса, дзевы Марыі і д'ябла). Напрыклад, згадваецца Бог, Творца, Айцец і Сын, Езус, Хрыстос, Спасіцель, Пан, Спас, святы Немаўляці; Прачыстая Маці, Найсвяцейшая Маці, Матка Божая, Марыя; д'ябал, шатан, Сатана, Пракляты. Такая шматварыянтнасць, як і высокая частотнасць згадвання дадзеных хрысціянскіх персанажаў сведчыць аб эмацыйнай хрысціянскай заангажаванасці герояў Я. Баршчэўскага. Асобы хрысціянскага пантэону праз назвы бажніц і мясцовашануемых ікон (Прачыстая Маці Сірацінская) зрабіліся часткай паўночнабеларускага ландшафту — геаграфічнага і культурнага. Аднак звяртае на сябе ўвагу мінімальная прысутнасць у тэксце Я. Баршчэўскага персанажаў Старога Запавету. Гістарычныя прыклады ён больш ахвотна запазычвае з антычных крыніц, а дэманалагічную наменклатуру скарыстоўвае мясцовую, ігнаруючы гісторыка-міфалагічны патэнцыял Бібліі.
Пералiк мясцовых iмпрэзаў і ўрачыстасцяў — Вялікдзень, Чысты Чацвер, Сёмуха, Купалле, урачыстасці св. Ігнацыя Лаёлы, працэсіі з абразом Святога Немаўляці, Юбілей у Юхавічах, Каляды, свята Трох вешчуноў, Чырвоны полацкі кірмаш, конскія кірмашы ў Бешанковічах і Асвеі — таксама указвае на пэўны парытэт памiж язычнiцкiм i хрысцiянскiм, нябесным i зямным.
Надзвычай мізэрнай з'яўляецца група замежных імёнаў. У творы Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня" згадваецца толькі пяць заходнееўрапейскіх гістарычных асобаў — Дагер, адзін са стваральнікаў фатаграфіі, Напалеон, і тры персанажы, якія звязаны з каталіцкай езуіцкай субкультурай (Ігнацы Лаёла, Клаўбер, кс. Порэ). Такая нязначная колькасць замежных імёнаў можа быць патлумачаная як бракам актуальнай інфармацыі, інфармацыйнай самадастатковасцю правінцыялаў, так і праграмным традыцыяналізмам самога Я. Баршчэўскага, які ў прадмове да сваёй кнігі дэклараваў, што англійскія, нямецкія або французскія літаратурныя (і, відавочна, культурныя) узоры не пасуюць мясцоваму густу [3, с. 8].
Рускія гістарычныя і культурныя персанажы наўпрост у тэксце "Шляхціца Завальні" не згадваюцца. Але ў іншасказальнай форме, паводле меркаванняў М. Хаўстовіча, пад іменем Белай Сарокі выводзіцца постаць Кацярыны ІІ. У зносцы да тэксту, зробленай Я. Баршчэўскім, згадваецца генерал Кульнёў. Згадваюцца ў тэксце Я. Баршчэўскага таксама асташы, прадстаўнікі горада Асташкава, якія арандавалі частку азёраў у паўночнай Беларусі.
І яшчэ адна вялікая група — беларускія антрапонімы, што пазначаюць гістарычных асоб або персанажаў, якія з вялікай доляй верагоднасці маглі мець рэальных прататыпаў.
Па-першае, гэта ўласныя імёны людзей, якія маюць гістарычныя карані (11), — паны Снарскія, уладальнікі Краснаполя, Беліковічы, уладары Экіманіі, князі Агінскія, уладары Магільна, род Храпавіцкіх, святы Казімір, паны Кошка, Цяліца, Жук, Жаба, Грэбніцкі, гаспадар віцебскай карчмы Карлісан.
Па-другое, уласныя імёны літаратурных персанажаў, прадстаўнікоў прывілеяваных саслоўяў (13), рэальнае існаванне якіх не даведзена, — паны Завальня, Сівоха, Латышэвіч, Марагоўскі, Стась і Юзік, сыны Завальні, Янка, пляменнік Завальні, пані Мальгрэта, гаспадыня Завальні, ксёндз Буда, айцец Попэ, пан Чубкевіч, пан Скамароха, суддзя Дадэмуха.
Па-трэцяе, шляхецкія імёны, што раскрытыя аўтарам не поўнасцю (24) — пан Андрэй (арганіст з Расонаў), сляпы Францішак, пан К.Г., пан З., пан Б., пан М., пан Л., пан С., пані Тэрэза, Атон, Аліна, Альберт і Мальвіна, Гугон, пан Генрык, Амелія, пан ***, Адольф, Альма, Севярын, пан Дамінік, пан Н., Антося, Зося.
Па-чацвёртае, простанародныя імёны (37): сялянскія і мяшчанскія (32) — Карпа, Гарасім, Агапка, Парамон, Акім, Грышка, Антон, Васіль, Арына, Алюта, Марцін, Максім, Сямён, Марыся, Якуш, Марка, Алена, Ілля, Арцём, Ганка, Аксіня, Родзька, Аўгіня, Варка, Якуб Плаксун, Праксэда, Міхась, Ахрэм, Лукаш, Марынка, Тамаш, Алешка, яўрэйскія (3) — Хаім, Ёсель, Сора, цыганскія (2) — Базыль, Шылка.
І ўрэшце, алегарычныя істоты — Чарнакніжнік (Вялікі Чарнакніжнік), Плачка, Сын Буры, Сын Шчасця, Сын Цярпення, Вогненныя духі, Белая Сарока, Чорны госць. (У кнізе сустракаюцца i ўласныя назвы раслін, што таксама выступаюць у Я. Баршчэўскага як пэўныя алiгорыi, — гэта Разрыў-трава, Пералёт-трава, Жабер-трава, трава росічка.)
Такiм чынам, найбольш прадстаўнічымі групамі сярод беларускіх антрапонімаў кнігі Я. Баршчэўскага паўстаюць прастанародныя імёны і імёны, якія з вялікай доляй верагоднасці належаць прадстаўнікам дробнага каталіцкага дваранства. Імёны арыстакратыі з'яўляюцца эпізадычна. Відавочна, аўдыторыяй, на якую разлічваў Я. Баршчэўскі, — дробнае шляхецтва. Адным жа з галоўных абагульненых герояў кнігі паўстае просты беларускі народ.
У кнізе Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня" утрымліваецца 30 айконім. Па частотнасці згадвання з аграмадным адрывам лідзіруе Полацк (разам з утворанымі ад яго назвамі) — 38 згадак, потым — Рыга (7) і Віцебск (5). Згадкі астатніх айконімаў не перавышаюць трох разоў. Беларускіх айконімаў — 21 адзінка. У вызначэнні атрыбута "беларускі" мы мусім прытрымлівацца меркаванняў самога Я. Баршчэўскага, які пашыраў гэтае азначэнне на тэрыторыю Невельскага і Себежскага паветаў, што належаць зараз Расійскай дзяржаве. Такім чынам, да беларускіх мы аднеслі наступныя назвы гарадоў, вёсак і маёнткаў: Полацк, Невель, Себеж, Юхавічы, Клішкова, Магільна, Віцебск, Казуліна, Клясціцы, Галубова, Струнь, Экіманія, Расоны, Краснаполле, Альбрахтоў, Ушачы, Гарбачова, Бешанковічы, Асвея, Сітна, Сіроцін. Большасць з іх лакалізуюцца на правым беразе Дзвіны.
Сярод небеларускіх айконімаў — 6 расійскіх (Пскоў, Вялікія Лукі, Ноўгарад, Старая Руса, Пецярбург, Нарва) і ўрэшце — Рыга. Дадзеная група айконімаў досыць красамоўна пазначае вектары эканамічных і культурных сувязяў жыхароў Паўночнай Беларусі. Арганічнай бачыцца ў тэксце Я. Баршчэўскага прысутнасць айконімаў, звязаных з грэка-рымскай цывілізацыяй (Троя і Рым).
З назваў краін (гісторыка-культурных рэгіёнаў) найчасцей згадваецца Беларусь (24), і адзін-два разы —Інфлянты, Курляндыя, Расія, Турцыя, Егіпет.
Прадстаўнічай з'яўляецца група гідронімаў, сярод якіх — 12 назваў азёр (Нешчарда – 20 згадак, Шэвіна – 2, Валовая азярына – 1, Расоны – 2, Глухое – 5, Рабло – 4, Язна – 2, Сітнянскае – 2, Глыбокае – 1, Скобрыя – 1, Няведра –1, Невельскае – 1), 9 — рэк (Дзвіна – 13, Дрыса – 10, Палата –5, Ловаць – 1, Обаль – 1, Страдань – 1, Тыбр – 1, Нява – 1), адной крыніцы (Дзявочая) і мора (Балтыйскае, Фінская затока).
Згадваецца ў тэксце Я. Баршчэўскага таксама 7 назваў гор (Пачаноўская – 3, Магіла Княжа, Ласіная гара, Алімп, замкавая гара ў Полацку, Гарадзецкая, Рабшчызна). З тапонімаў таксама варта згадаць назвы "Сітнянскі лес" і "Пецярбургскі гасцінец".
З урбонімаў пераважаюць полацкія імёны — назвы бажніц (св. Стафана, св. Сафіі, Спас, св. Ксаверыя, св. Казіміра, царква Барыса і Глеба), могілак (ля св. Ксаверыя) і садоў (Спаса і Экіманіі). Да гэтага надзвычай сціплага спісу можна хіба дадаць такія назвы гарадскіхя аб'ектаў як святыні Перуна і Бабы Ягі, Полацкая езуіцкая акадэмія, мураваны слуп у Полацку са стодам св. Яна, а таксама карчма Карлісана ў Віцебску. Гарадская прастора, міфалагема гарадской прасторы відавочна не была добра засвоена ні традыцыйнай сялянскай, ні шляхецкай свядомасцю.
Аналіз тапаніміі кнігі Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" дазваляе выявіць шматслойны характар прасторы, якую апісвае дадзены тэкст.
Найперш, гэта прастора культуры — прастора ідэальнага, галоўнай метафарай якой з'яўляецца Сад — гэта адначасова грэцкая Аркадыя і полацкія сады (Спаса і Экіманіі), у якіх бавіўся малады Баршчэўскі за часамі сваёй вучобы ў езуітаў. Алімп, Тампейскую даліну, Фармапілы герой Я. Баршчэўскага шукае і знаходзіць у ландшафтах Полаччыны, падсвечанымі ўспамінамі юнацтва.
Яшчэ адзін пласт — прастора гісторыі, мемарыяльныя мясціны, звязаныя з гістарычнымі падзеямі, напрыклад Клясціцы. Збольшага яна перакрываецца, паглынаецца прасторай міфалагічнай — напрыклад, паходжанню курганоў, звязаных з гістарычнымі падзеямі, надаецца міфапаэтычнае тлумачэнне. Мясцовая гісторыя падпадае міфалагізацыі не толькі з боку народнай традыцыі, але і высілкамі самога Я. Баршчэўскага.
Прастора міфалагічнага — гэта таксама і прастора сакральнага. Яна пазначана назвамі курганоў (Магіла Княжа), крыніц (Дзявочая), камянёў (Змяёвы), дрэў (Дзве Бярозы) і гор. Можна дапусціць, што сакралізацыя мясціны звязана з функцыяй мемарыялізацыі. Міф, прывязаны да пэўнага прыроднага аб'екта, мусіць фіксаваць значымыя для народа гістарычныя падзеі ва ўмовах браку пісьмовай летапіснай традыцыі ці немагчымасці свабодна сцвярджаць уласную версію гісторыі.
Прасторы сакральнага — прасторы памяці (як гістарычнай, так і міфапаэтычнай) — супрацьпастаўленая прастора цывілізацыі або штодзённасці, якая маркіраваная назвамі гарадоў, вёсак і маёнткаў.
У гарадах адбываецца стабілізацыя рэальнасці ці здаровага сэнсу. Чыннікам стабілізацыі паводле перакананняў герояў кнігі Я. Баршчэўскага з'яўляецца наяўнасць у гарадах божых храмаў і святых айцоў. Прычым эфект стабілізацыі рэальнасці залежыць ад пэўных колькасна-якасных параметраў. Чым больш храмаў, тым лепш. Асабліва добра на стабілізацыю рэальнасці ўздзейнічае наяўнасць у месцы айцоў-езуітаў.
Паветра горада вызваляе чалавека ад прымхаў. Дакладней, пераводзіць містычныя інфернальныя эпізоды ў разрад прымхаў, баек. Так, віцебляне высмейваюць містычную гісторыю з панам Генрыкам, у якога крычалі на галаве валасы. У Полацку змяняецца да лепшага, робіцца нармальнай, і ўрэшце памірае па-хрысціянску, Варка Плаксуніха — дачка вясковай варажбіткі.
Аднак падобнае ўздзеянне гарадоў выяўляецца ў дачыненні інфернальнага, што мае мясцовае паходжанне. Перад замежнымi фармазонамi і чарнакніжнікамi насельнiцтва (асабліва музыкi, рыбакi, карчмары і арыстакратыя) беларускага гораду безабароннае. Так, чарнакніжнік пан Твардоўскі здолеў пранікнуць нават у сцены полацкага езуіцкага калегіума.
Найменш стабільна рэальнасць у раёне азёр — вокнаў паміж рэальным ды іррэальным. Беларускія азёры часта пазначаюць месцы агіджанай святасці — праваліўшыхся скрозь зямлю цэркваў і цэлых гарадоў (намечана ў Я. Баршчэўскага і тапаграфія беларускіх нетраў, прынамсі ўваходаў у прадонне Беларусі), затопленых званоў і месцаў гвалтоўнай смерці людзей. Аднак дастаткова аднаго толькі адлюстравання храма ў азёрнай вадзе, каб суцішыць інфернальнай. Азёры — гэта месца лёсавання, розыгрышу шанцаў. Няўстойлівасць рэальнасці, балансаванне паміж сапраўднасцю і тагабочным, можа прыводзіць тут як да нечуваных катастроф, так і выйгрышаў. Таму ў свеце шляхціца Завальні ідзе барацьба за азёры з прыхаднямі і чарнакніжнікамі.
Такім чынам, праведзены аналiз дазволiў выявiць вялiкi iнфармацыйны фактаграфiчны патэнцыял тэксту Я. Баршчэўскага “Шляхцiц Завальня”, раскрыццё якога вымагае прыцягнення шырокага мiждысцыплiнарнага гуманiтарнага iнструментарыя (этналагoчнага, лiнгвiстычнага, гiстарычнага).
ЛІТАРАТУРА
Связанные изображения:

