Шыдлоўскі, С.А. «Запіскі» В. М. Севергіна як крыніца па гісторыі і этнаграфіі Беларускага Падзвіння і сумежных тэрыторый / С.А. Шыдлоўскі // Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў: зб. навук. артыкулаў ІІ міжнароднай навуковай канферэнцыі, Полацк, 17—18 красав. 2014 г. / пад агул. рэд. Д.У. Дука, У.А. Лобача, С. А. Шыдлоўскага. — Наваполацк: ПДУ, 2014. — Ч. 1. — С. 265–268.

«ЗАПІСКІ» В.М. СЕВЕРГІНА ЯК КРЫНІЦА ПА ГІСТОРЫІ І ЭТНАГРАФІІ БЕЛАРУССКАГА ПАДЗВІННЯ І СУМЕЖНЫХ ТЭРЫТОРЫЙ

канд. гіст. навук, дац. С.А. ШЫДЛОЎСКІ
(Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт)

Даследуюцца «Записки путешествия по западным провинциям Российского государства, или Минералогические, хозяйственные и другие примечания, учинённые во время проезда через оные в 1802 году» і «Продолжение записок путешествия по западным провинциям Российского государства, или Минералогические, технологіческіе и другие примечания, учинённые во время проезда через оные в 1803 году» Васілія Міхайлавіча Севергіна як крыніца па гісторыі і этнаграфіі Беларусскага Падзвіння і сумежных тэрыторый. Вызначаецца тэрытарыяльны арэал, які быў ахоплены экспедыцыямі1802 і 1803 гадоў. Разглядаецца апісанне В. М. Севергіна аграрных традыцый і іншых аспектаў жыццезабеспячэння беларусаў. Вызначаецца, што «Продолжения записок» В. М. Севергіна, як этналагічная крыніца, дасюль практычна невядомая айчыннай навуковай грамадскасці. Паказана, што «Продолжения записок» утрымліваюць каштоўную інфармацыю аб беларускіх народных традыцыях жыццезабеспячэння на тэрыторыі Полаччыны, Талачыншчыны, Аршаншчыны, Сенненшчыны, Шклоўшчыны, Мсціслаўшчыны, а таксама ваколіц Магілёва і Віцебска.

Уводзіны. Акадэмік Імператарскай акадэміі навук Расіі Васілій Міхайлавіч Севяргін (1765—1826) на працягу 1802–1803 гадоў здзейсніў дзве вандроўкі па тэрыторыі Беларусі з мэтамі вывучэння прыродных рэсурсаў і эканамічнага становішча краю. Вынікі экспедыцый былі выкладзены ў кнігах «Записки путешествия по западным провинциям Российского государства, или Минералогические, хозяйственные и другие примечания, учинённые во время проезда через оные в 1802 году» і «Продолжение записок путешествия по западным провинциям Российского государства, или Минералогические, технологіческіе и другие примечания, учинённые во время проезда через оные в 1803 году» [1, 2].

У «Записках путешествия» прадстаўлена справаздача па вандроўцы 1802 года, пад час якой В. М. Севяргін пабываў у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай (Свержань, Стоўбцы, Карэлічы, Мінск, Барысаў, Крупкі) і Магілёўскай (Талачын, Каханава, Орша, Дуброўна) губернях, а таксама на Беласточчыне. У 1803 годзе В. М. Севяргін наведаў Пскоўскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні, праехаўшы па маршруце Апочка — Полацк — Сянно — Талачын — Шклоў — Магілёў — Чавусы — Чэрыкаў — Мсціслаў — Орша — Віцебск — Сураж — Веліж — Невель. Апісанню дадзенай вандроўкі прысвечана «Продолжение записок».

У беларускіх этналагічных работах звычайна згадваецца толькі першая кніга вучонага [3, 4]. Недастаткова вядомай айчынным даследчыкам застаецца другая кніга В. М. Севяргіна. Між тым, яна ўтрымлівае каштоўныя матэрыялы аб гаспадарчых традыцыях і побыце насельніцтва Беларускага Падзвіння і Падняпроўя.

Асноўная частка. В. М. Севяргін рабіў звычайна сутачныя пераезды, спыняючыся на некалькі дзён у павятовых гарадах. Даследчык карыстаўся пэўнай схемай пры апісанні тэрыторыі. Ім характарызаваўся рэльеф і геалагічная будова мясцовасці, якасць глебы, лясных і водных рэсурсаў, асаблівасці флоры і фаўны, аграрныя традыцыі, апісваліся паштовыя станцыі і дарогі. Па асобных населеных пунктах аўтар даваў невялікую даведку, якая магла ўтрымліваць гістарычныя звесткі, канфесіянальную і дэмаграфічнаму інфармацыю, пералічваліся найбольш выбітныя будынкі, апісваліся мясцовыя рамёствы, кірмашы, побыт насельніцтва. Высновы В. М. Севяргіна грунтаваліся на яго ўласных назіраннях і апытаннях мясцовага насельніцтва.

На старонках «Продолжения записок» даследчык даў падрабязнае апісанне аграрных традыцый Полаччыны, дзе ён знаходзіўся з 5 па 11 ліпеня 1803 года. Па звестках В. М. Севергіна, на Полаччыне сяляне аралі сохамі, баранавалі — смыкамі — «яловымі або сасновымі палкамі з суччам». Пры зборы ўраджаю карысталіся сярпамі [2, С. 90]. У якасці палявых культур сяляне Полаччыны вырошчвалі жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, гарох, бабы, грэчку, сачавіцу, лён і каноплі [2, С. 90]. Каноплі культывавалі пераважна для ўласнага ўжытку [2, С. 92].

Жыта высушвалі ў снапах на спецыяльных прыстасаваннях. Паводле апісання В. М. Севергіна, яны ўяўлялі сабой канструкцыю з двух укапаных у зямлю слупоў, паміж якімі мацаваліся жардзіны «на адлегласці аршына адна ад аднае», паміж жардзінамі закладваліся снапы. Пасля сушкі яны звозіліся ў гумно [2, С. 91]. Абмалот на Полаччыне ажыццяўляўся цапамі на зямлі, якая змешвалася папярэдне з глінай і ўтоптвалася [2, С. 91]. Жыта веялі лапатамі [2, С. 91]. Жытнёвае зерне малолі пераважна ручнымі жорнамі [2, С. 91].
Лён на Полаччыне, пакуль ён яшчэ не цалкам выспеў, вырывалі з карэннем і, адрэзаўшы галоўкі, вымочвалі ў лужынах, ці ў азёрах або балотах. Замочванне ў лужынах лічылася найлепшым і надавала ільну па перакананню сялян крэпасць. У вадзе лён ляжаў 4—5 дзён, прыціснуты драўлянымі цурбалкамі [2, С. 91]. Пасля вымочвання лён парассцілалі на палях, дзе ён вылежваў 3—5 тыдняў. Пасля лён мялі ў спецыяльных варштатах, чысцілі шчоткамі і рыхтавалі да вывазу ў Рыгу. З пакулля выраблялі грубае палатно. Галоўкі ільну сушылі, калацілі, здабытае семя прадавалі ў Рыгу. Масла, па назіраннях В. М. Севергіна, на Полаччыне на продаж не выраблялі [2, С. 91—92].
На агародах палачане вырошчвалі капусту, буракі, гарох, боб, моркву, агуркі, рэдзьку, мак, часнок, лук, хрэн, пятрушку, сельдэрэй, пастарнак [2, С. 87—88]. Садаводства ў Полацку было развіта слаба [2, С. 87]. Культываваліся яблыня, груша, сліва, вішня, цёрн. У дэкаратыўных мэтах вырошчвалі акацыі (сібірскі гарахоўнік), абрыкос. У дзікім выглядзе сустракаліся барбарыс, арэшнік, чаромха, жымаласць, рабіна, каліна, крушына [2, С. 90]. Паводле В. М. Севергіна, сялянам Полаччыны не хапала ўласнага хлеба, замест якога яны часам ужывалі грыбы, а таксама корань бабка (Menyanthes), які сушылі, таўклі і варылі ў вадзе [2, С. 90].

У «Продолжении записок» В. М. Севергіным таксама даецца агляд аграрныя традыцыі Сенненшчыны, Талачыншчыны, Аршаншчыны, Шклоўшчыны, Мсціслаўшчыны, ваколіц Магілёва і Віцебска.
Па меркаванню В. М. Севергіна, найгоршыя па ўрадлівасці глебы Беларусі (маецца на ўвазе Віцебская і Магілёўская губерні) знаходзяцца на правым беразе Заходняй Дзвіны, далей ў бок Магілёва якасць глебы паляпшаецца. В. М. Севяргін лічыў, што найлепшыя глебы Магілёўшчыны знаходзіліся ў ваколіцах Мсціслава [2, С. 101]. Ён адзначае высокую ступень разаранасці зямель у ваколіцах Талачына і на Мсціслаўшчыне, дзе амаль адсутнічаў па назіраннях вандроўніка лес. Даследчык прыйшоў да высновы аб паходжанні найбольш ранніх земляробчых традыцый краю менавіта са Мсціслаўшчыны [2, С. 101, 126].

Ільнаводства было традыцыйна найбольш развітай галіной сельскай гаспадаркі Сенненшчыне, на мясцовы лён існаваў устойлівы попыт [2, С. 99]. На Сенненшчыне акрамя таго як палявыя культуры вырошчвалі лён, жыта, грэчку і авёс [2, С. 99]. На Шклоўшчыне В. М. Севяргін адзначае як пануючыя сярод палявых культур жыта, грэчку і авёс [2, С. 105]; на Магілёўшчыне — грэчку, жыта, авёс і лён [2, С. 112]; на Мсціслаўшчыне — грэчку, жыта, авёс, ячмень, пшаніцу, лён і каноплі [2, С. 121]. Сярод палявых культур Талачыншчыны В. М. Севяргін называе мак [2, С. 103). На Аршаншчыны шырока культываваліся каноплі [1, С. 141].

Даследчык цікавіўся таксама пытаннем развіцця агародніцтва ў краі. Паводле В. М. Севергіна, віцібляне на агародах вырошчвалі капусту, буракі, моркву, пастарнак, бульбу, лук, пятрушку, агуркі, гарох. Аднак пэўныя прадукты харчавання завозіліся ў Віцебск з Рыгі [2, С. 136]. У сваю чаргу, з Віцебску вывозілі на продаж жыта, лён, пяньку, канаплянае і льняное семя, мёд, воск і скуры на кірмашы ў Магілёўскую губерню [2, С. 136]. Паводле В. М. Севергіна, у Віцебску садоў было мала [2, С. 135]. Шырока садаводства было развіта на Магілёўшчыне. Тут вырошчваліся яблыні, ігрушы, вішня, кавуны.

В. М. Севяргін зрабіў параўнальны аналіз развіцця жывёлагадоўлі ў розных рэгіёнах Беларусі. Вандроўнік адзначыў, што зямлю на ўсходзе сучаснай Беларусі, у адрозненні ад заходніх і цэнтральных рэгіёнаў, апрацоўвалі выключна коньмі, рэдка выкарыстоўваючы валоў [1, С. 144]. На Гарадзеншчыне, Міншчыне і Магілёўшчыне, паводле В. М. Севергіна, каровы былі дробнымі і худымі, выключэннем з’яўлялася Аршаншчына [1, С. 129, 135]. Наяўнасць традыцый выпасу свіней даследчык фіксуе на тэрыторыі Міншчыны і Магілёўшчыны [1, С. 128, 135]. На Мсціслаўшчыне В. М. Севяргін адзначае наяўнасць вялікіх статкаў буйной рагатай жывёлы, няблага, па яго звестках, тут была развіта авечкагадоўля, і ў меншай ступені — свінагадоўля [2, С. 128], вандроўнік засведчыў таксама наяўнасць у дадзеным рэгіёне развітай традыцыі птушкагадоўлі (тут утрымлівалі гусей, індычак) [2, С. 128].

Пад час сваіх вандровак В. М. Севяргін збіраў інфармацыю аб развіцці мясцовага пчалаводства. Паводле В. М. Севергіна, на Полаччыне і Талачыншчыне пчалаводства было развіта слаба [2, С. 132, 136]. На Полаччыне выкарыстоўваліся вуллі, якія выдзёўбваліся ў калодах (2, С. 89]. Як прыклад добра арганізаванай пчалярскай гаспадаркі В. М. Севяргін прыводзіць пасеку ў Пячэрску на Магілёўшчыне, валоданні архіепіскапа Анастасія, дзе пчалярствам займаўся сам гаспадар [2, С. 114]. Асаблівую цікавасць В. М. Севергіна выклікаў ліпец. Як сам адзначае вандроўнік, ён спецыяльна збіраў інфармацыю аб традыцыях вырабу гэтага спіртнога напітку на тэрыторыі Беларусі. Паводле В. М. Севергіна, ліпец — сорт піцейнага мёду высокай якасці, які вырабляўся з ліпавага мёду (апошні таксама меў назву «ліпец»). Гарадзеншчына і Міншчына давалі найбольш якасны мясцовы сорт ліпавага мёду, адпаведна ў гэтых рэгіёнах выраблялі і найбольш якасны пітны мёд [1, С. 132]. Ліпец найвышэйшай якасці меў празрыстую кансістэнцыю, знешне адрозніваўся ад ад вады толькі большай густатой. Яму быў уласцівы пах ліпавага цвету і мядовы смак. Ліпец горшай якасці меў жаўтаватае адценне. Ад вытрымкі якасць ліпца павялічвалася. Элітным лічыўся ліпец, які выстаяў 50—100 гадоў. Самым лепшым прызнаваўся ковенскі ліпец. У малых дозах лічыўся лекавым сродкам пры грудных захворваннях, выклікаў потааддзяленне [1, с. 46—47]. Выраб ліпца на продаж В. М. Севяргін зафіксаваў у Віцебску, дзе яго рабілі «два яўрэя», захоўваючы тэхналогію ў тайне. Ён саступаў, паводле перакананню В. М. Севергіна, у якасці ковенскаму [2, С. 136]. Увогуле, даследчык указаў на шырокае распаўсюджанне ў краі мёду і піва, якія ў адрозненні ад віна, вырабляліся непасрэдна ў Беларусі і былі даступныя для мясцовых спажыўцоў па цане. Досыць скупа даецца інфармацыя аб якасці мясцовага піва, аднак, напрыклад, высокая якасць дубровенскага піва была асобна адзначана даследчыкам [1, С. 140]. Вінакурэннем і піваварэннем, паводле назіранняў В. М. Севергіна, пераважна займаліся яўрэі [1, С. 132].

Вандроўнік высвятляў наяўнасць ў краі дзікай жывёлы, птушкі і рыбы, як істотнага рэсурсу для мясцовых стратэгіях жыццезабеспячэння. Напрыклад, будучы на Полаччыне, В. М. Севергін высветліў, што ў мясцовых лясах сустракаліся ласі, мядзведзі, серны, ваўкі, рысь, барсук, зайцы, лісы. З птушак даследчык называе цецерукоў, глушцоў, курапатак, вялікіх і малых галубоў, перапёлак, крачак, зрэдчас рамізаў [2, С. 88—89]. На вадаёмах Полаччыны сустракаўся паўсюдна сом, лешч, шчупак, судак, акунь, плотка, лінь, ёрш, уклейка. На лічаных азёрах траплялася далікатэсная сялява, ракі [2, С. 88—89].

Шмат увагі даследчык надаваў пытанню развіцця гандлю. Паводле В. М. Севергіна, буйнейшы беларускі рэгіянальны кірмаш знаходзіўся ў Бешанковічах, які дзейнічаў з 12 ліпеня на працягу двух тыдняў. На бешанковіцкім кірмашы гандлявалі замежным таварам, галантарэяй, шаўковымі тканінамі, батыстам [2, С. 97]. Буйнымі былі таксама кірмашы ў Шклове, якія ладзіліся двойчы ў год па два тыдня кожны (на дзевятым тыдні пасля Уваскрэсення і на другім тыдні Вялікага паста). У Шклоў з’язджаліся купцы з расійскіх гарадоў. Мясцовыя яўрэі гандлявалі шаўковай матэрыяй, карункамі, тканінай, галантарэяй [2, С. 104].

Досыць сціпла на старонках кніг В. М. Севергіна прадстаўлена інфармацыя аб побыце беларускага сялянства. Вандроўнік указвае на рэгіянальныя адрозненні ў матэрыяльнай забяспечанасці сялян. Напрыклад, даследчык піша, што ўпершыню ўбачыў беларускіх сяляне ў лапцях на Барысаўшчыне, калі ехаў сюды з захаду [1, С. 131]. Крупшчына, на яго думку, была заселена менш шчыльна чым Аршаншчына, але мясцовае насельніцтва выглядала тут больш заможным. В. М. Севяргін звярнуў увагу на шырокую распаўсюджанасць у краі курных хат. Гэты факт выклікаў здзіўленне даследчыка, бо, як ён адзначыў, гліна і камень былі мясцоваму насельніцтву паўсюдна даступныя. В. М. Севяргін сумленна фіксуе нездавальняючыя ўмовы жыцця мясцовага сялянства (курныя хаты, нізкія столі, недахоп хлеба, агульную беднасць), аднак знаходзіць пераважна суб’ектныя тлумачэнні (сялянская лянота, нехлямяжасць) прыкмет падобнай дэградацыі, давяраючы меркаванню тутэйшых паноў [1, с. 43—44]. Так, калтун В. М. Севяргін адносіў да хваробаў, якія ўзнікалі з-за неахайнасці [1, С. 125]. Сустракаюцца на старонках «Запісках» фрагментарныя звесткі аб санітарным стане мясцовага насельніцтва і народных спосабах лячэння. Напрыклад, даследчык піша аб лячэнні сялян Полаччыны боляў у страўніку адварам высушаных кветак цвінтарэі [2, С. 83].

Даследчык збіраў падрабязную інфармацыю аб наяўнасці ў краі мінеральных крыніц і спосабах ужывання мінеральнай вады ў лекавых мэтах. Так, паводле В. М. Севергіна, на тэрыторыі Спасскага манастыра ў Полацку знаходзілася крыніца, вада якой мела сярністы пах, а пры адстойванні яе смакавыя характарыстыкі значна паляпшаліся. Мясцовыя жыхары лічылі спасскую ваду карыснай для здароўя [2, С. 94]. У Сянне «каля дома старасты Серакоўскага» быў калодзеж, вада ў якім мела сярністы пах і была саланаватая на смак. Ужывалі гэтую ваду раніцой па дзве шклянкі як паслабляючае, а таксама пры захворваннях лёгкіх [2, С. 100]. У Палыковічах на Магілёўшчыне мелася крыніца з вадой, насычанай вуглекіслатой. Над крыніцай пабудавалі капліцу. Мясцовае насельніцтва верыла ў гаючую моц вады [2, С. 113].

Заключэнне. «Записки» (1803) і «Продолжение записок» (1804) В. М. Севергіна ўтрымліваюць багатую інфармацыю аб гаспадарчых традыцыях і побыце насельніцтва на беларускіх землях у пачатку ХІХ стагоддзя. Асаблівую цікавасць маюць «Продолжения записок», як этналагічная крыніца, якая дасюль практычна невядомая айчыннай навуковай грамадскасці. «Продолжения записок» змяшчаюць каштоўнае апісанне беларускіх народных традыцый жыццезабеспячэння, якія бытавалі на тэрыторыі Полаччыны, Талачыншчыны, Аршаншчыны, Сенненшчыны, Шклоўшчыны, Мсціслаўшчыны, а таксама ваколіц Магілёва і Віцебска.

ЛІТАРАТУРА

1. Севергин, В. М. Записки путешествия по западным провинциям Российского государства, или Минералогические, хозяйственные и другие примечания, учинённые во время проезда через оные в 1802 году... / В. М. Севергин. — СПб.: Типография Императорской Академии наук, 1803. — 225 с.
2. Севергин, В. М. Продолжение записок путешествия по западным провинциям Российского государства, или Минералогические, технологіческіе и другие примечания, учинённые во время проезда через оные в 1803 году... / В. М. Севергин. — СПб.: Типография Императорской Академии наук, 1804. — 168 с.
3. Беларусы : У 8 т. Т. 3 : Гісторыя этналагічнага вывучэння / В. К. Бандарчык ; Рэд.: В. К. Бандарчык [і інш. ]. — Мінск : Беларуская навука, 1999. — С. 31.
4. Цітоў, В. С. Народная спадчына : Матэрыяльная культура ў лакальна-тыпалагічнай разнастайнасці. — Мінск : Навука і тэхніка, 1994. — С. 168.

Артыкул падрыхтаваны ў рамках праекта «Этнакультурны ландшафт Беларускага Падзвіння: рэгіянальная спецыфіка і заканамернасці функцыянавання ў сярэдзіне XIX – пачатку XXІ ст.» (ДПНД «Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава», заданне ГБ 0814)

Связанные изображения:

Summary
«Запіскі» В. М. Севергіна як крыніца па гісторыі і этнаграфіі Беларускага Падзвіння і сумежных тэрыторый
Article Name
«Запіскі» В. М. Севергіна як крыніца па гісторыі і этнаграфіі Беларускага Падзвіння і сумежных тэрыторый
Description
Акадэмік Імператарскай акадэміі навук Расіі Васілій Міхайлавіч Севяргін (1765—1826) на працягу 1802–1803 гадоў здзейсніў дзве вандроўкі па тэрыторыі Беларусі з мэтамі вывучэння прыродных рэсурсаў і эканамічнага становішча краю. Вынікі экспедыцый былі выкладзены ў кнігах «Записки путешествия по западным провинциям Российского государства, или Минералогические, хозяйственные и другие примечания, учинённые во время проезда через оные в 1802 году» і «Продолжение записок путешествия по западным провинциям Российского государства, или Минералогические, технологические и другие примечания, учинённые во время проезда через оные в 1803 году».
Author
Publisher Name
УА «ПДУ»
Publisher Logo